Навіны

155 гадоў з дня гібелі Юльяна Бакшанскага

Удзельнік вызвольнага руху і паўстання 1863 году Юльян Бакшанскі нарадзіўся 7 снежня 1824 года ў маёнтку Тупальшчына непадалёк Жодзішак (сучасны Смаргоньскі раён).

Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1842 годзе за захоўванне забароненых кніг сасланы ў Разанскую губерню Расеі. Вярнуўшыся з ссылкі, у 1847 годзе зрабіў спробу падняць паўстанне смаргонскіх сялян. У сваім звароце да іх заклікаў аб'яднацца з гарадской беднатой і салдатамі і выступіць супраць памешчыкаў, чыноўнікаў і афіцэраў. Гэты план не здзейсніўся. Юльян Бакшанскі быў арыштаваны і асуджаны да 12 гадоў катаргі.

У 1863 годзе ён вярнуўся на радзіму. Далучыўся да паўстання, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў. Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. 

Неўзабаве Юльян Бакшанскі арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў, які дзеіў на тэрыторыі Маладэчаншчыны і Вялейшчыны. Галоўнай мэтай было стварыць баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнуць да змагання шмат сялян, на якіх разлічваў Бакшанскі. Жыхары рэгіёну падтрымалі Бакшанскага і бралі актыўны ўдзел у паўстанні, аднак сілы былі не роўныя. Расейскія ўлады на чале з Мураўёвым жорста распраўляліся з паўстанцамі і прыкладна ў траўні 1863 году паўстанне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне працягвалася барацьба. Бакшанскі працягваў змагацца, але 4 красавіка 1863 году атрад трапіў у засаду да акупантаў, у выніку чаго ў бітве каля вёсак Свечкі і Плябань (цяпер Маладэчанскі раён) у час раптоўнага ар'ергарднага бою з царскімі казакамі загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ішнат Сулістроўскі. На месцы гераічнай смерці паўстанцаў, у наш час каля вёскі Плябань устаноўлены крыж і помнік.

 

 

04.04.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты