Навіны

95 гадоў з дня нараджэння Барыса Данілюка

Беларускі грамадскі дзеяч замежжа Барыс Данілюк нарадзіўся 5 красавіка 1923 году ў вёсцы Старыя Дзявяткавічы (цяпер Слонімскі раён) Паходзіў з сям’і сьвятара, ўдзельніка Слуцкага паўстаньня 1920 году Хведара Данілюка.

З 1933 году вучыўся ў пачатковай школе ў Слоніме, а з восені 1935 і да канца 1939 году –  у польскіх гімназіях у Слоніме і ў Баранавічах. У 1940 годзе пакінуў навуку ў дзесяцігодцы і пачаў дапамагаць бацьку на гаспадарцы.

У Другую сусьветную вайну працаваў сакратаром і школьным інспектарам у Слоніме, у беларускай Самапомачы, кіраваў мастацкай самадзейнасцю ў Слоніме, быў спартовым інструктарам у Саюзе Беларускай Моладзі, служыў перакладчыкам пры 48-м Беларускім батальёне, браў удзел у 2-м Усебеларускім Кангрэсе. Акрамя гэтага сьпяваў у хоры Антона Валынчыка, быў танцорам у танцавальным гуртку, а таксама ўдзельнічаў у драматычным гуртку, які існаваў пры Слонімскім Народным Доме.

У лістападзе 1943 году ажаніўся з Марыяй Дземідовіч. У ліпені 1944 году разам з сям’ёю з’ехаў на Захад. Да 1950 году жыў у французскай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынера-будаўніка ва ўніверсітэце ЮНРРА ў Мюнхене, быў сябрам Беларускага студэнцкага згуртаваньня. Браў удзел у Зьездзе беларускіх студэнтаў, што прайшоў у кастрычніку 1947 году ў Марбургу. Сябра рэдакцыйнай калегіі часопісу «Крывіцкі Сьветач» З 1948 году — сябра Рады БНР у Остэргофэне. Падтрымаў аднаўленьне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў чэрвені 1948 году.

Пасьля пераезду ў ЗША браў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадскага жыцьця ў Амерыцы. Уваходзіў у Раду і Кансісторыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, кіраваў царкоўным хорам у царкве Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, зьяўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса «Царкоўны Пасланец». Падчас расколу у Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве ў пачатку 1980-ых гадоў узяў бок прыхільнікаў мітрапаліта Ізяслава і быў актыўным прыхільнікам гэтага кірунку ў беларускім грамадскім жыцьці.

Аўтар грунтоўных успамінаў, надрукаваных у №33 «Запісаў» Беларускага інстытуту навукі і мастацтва.

Памёр 28 студзеня 2011 году. Пахаваны ў штаце Нью-Джэрзі (ЗША) на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.

Пасьмяротна ў 2012 г. у Менску выйшла яго кніга ўспамінаў «Азіраючыся расой выетымі вачыма».

07.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты