Навіны

Віншаванні з надыходным святам ад высокапраасвяшчэннейшага Арцемія

З надыходным Вялікаднем усіх вернікаў Праваслаўнай Царквы павіншаваў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

У сваім Слове праваслаўны ўладыка нагадаў, што Уваскрасенне Збаўцы – гэта аснова веры і будучага жыцця чалавецтва. Да слоў віншавання ўладыка Арцемій дадаў добрыя пажаданні здароўя і шчасця вернікам, якія з’яднаныя з велікоднай радасцю.

– Хрыстос уваскрос! Дарагія браты і сёстры, ад усёй душы віншую Вас з вялікай і радаснай падзеяй, са святам светлага Хрыстовага Уваскрасення. Пасха Гасподняя, якую мы адзначаем, ёсць святам перамогі жыцця над смерцю, калі каля 2 тысяч гадоў таму Сын Божы дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення сышоў з нябёсаў, уцялесніўся ад Святога Духа і Дзевы Марыі і стаў чалавекам. Зрабіў ён гэта па сваёй вялікай міласці і ўратавальнай любові да чалавечага роду. Любові настолькі дасканалай, што, далучыўшыся да нашай чалавечай прыроды, Гасподзь далучыўся і да смерці, якая ўладарыла над гэтай прыродай. Той, хто ёсць самім жыццём, аддаў сябе ў халодныя абдымкі смерці, апусціўся ў змрочныя глыбіні пекла дзеля таго, каб знайсці там чалавека і вызваліць яго ад улады граху і д’ябла. Смерць паглынула жыццё, але сама стала пераможанай жыццём, не здолеўшы ўтрымаць таго, хто даў быццё ўсяму існаму. Такім чынам, Уваскрасенне Хрыста – гэта фундамент нашай веры, краевугольны камень, пакладзены ў падмурак нашай надзеі на збаўленне. Гэта крыніца моцы і змены нашага жыцця. Ён напаўняе наша існаванне ў гэтым свеце сэнсам і дае веру ў будучыню.

У гэты вялікі дзень шчыра жадаю ўсім Вам дапамогі Божай і Божага бласлаўлення, здароўя, спакою і дастатку, шчасця і дабрабыту. Няхай у Вашых сем’ях заўсёды пануе любоў і ўзаемаразуменне, а ў душах – неўміраючая пасхальная радасць. І няхай гэтая радасць умацоўвае ў Вашых сэрцах веру, надзею і любоў як да Бога, так і да ўсіх людзей, якія вакол нас. З Пасхай Гасподняй Вас, праваслаўныя! Сапраўды Хрыстос уваскрос!

Праваслаўныя хрысціяне сёлета святкуюць Вялікдзень на тыдзень пазней за рыма-каталікоў, пратэстантаў і беларускіх грэка-каталікоў.

У Вялікую суботу ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гародні пройдзе асвячэнне ежы. А ўжо ў 23:30 пачнецца Усяночная служба, якая скончыцца крыжовай працэсіяй і начной велікоднай літургіяй, якую ўзначаліць архіепіскап Арцемій.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота pokrovgrodno.org

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/vinshavanni-z-nadykhodzyachym-svyatam-ad-v/

07.04.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты