Навіны

Алег Трусаў: Беларускамоўны ўніверсітэт будзе – і гэта галоўнае

Алег Трусаў, выконваючы абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, які днямі зарэгістраваны ў Беларусі, распавёў пра набор на падрыхтоўчыя курсы.

Нагадаем, што заснавальнік прыватнага беларускамоўнага ўніверсітэта – ГА “Таварыства беларускай мовы”. Плануецца, што напачатку з’явяцца тры факультэты – гуманітарны, сацыялогіі і мастацтваў і факультэт філалогіі, замежных моў і перакладаў. Універсітэт будзе рыхтаваць культуролагаў, гісторыкаў, перакладчыкаў, дыпламатаў, журналістаў. Пазней могуць з’явіцца і тэхнічныя спецыяльнасці…

Алег Трусаў: Зараз мы рыхтуем дакументы для атрымання ліцэнзіі – шукаем сабе лагатып, пячатку… Адным словам, вырашаем тэхнічныя справы, якія зоймуць пэўны час.

РР: А ці знайшлі памяшканне для будучага ўніверсітэта?

Алег Трусаў: Пакуль гэтае пытанне другаснае. Тым больш, што з верасня мяркуем адкрыць падрыхтоўчыя курсы для будучых студэнтаў. Для гэтага ліцэнзія не патрэбна, і памяшканняў для такой невялікай аўдыторыі хапае. А пасля таго, як пройдзем ліцэнзаванне, думаю, вырашэнне астатніх пытанняў будзе рухацца хутчэй. Ды і шукаць памяшканне трэба тады, калі ўжо будуць грошы. Таму найперш нас сёння хвалюе фінансавае пытанне.

РР: Які набор плануецца на падрыхтоўчыя курсы?

Алег Трусаў: Мы хочам зрабіць два наборы – 3-месячныя курсы і 6-месячныя. Будзем рыхтаваць жадаючых да здачы тэстаў па беларускай і замежнай мовах праз беларускую і некаторых іншых дысцыплінах.

РР: Гэтыя курсы будуць платныя?

Алег Трусаў: Безумоўна, але кошты будзем вызначаць, зыходзячы з агульнай практыкі. Калі, напрыклад, выкладанне будзе раз на тыдзень, то на многіх курсах за паўгода плацяць у памеры 200 рублёў. Калі заняткі будуць два разы на тыдзень, то плата за паўгода будзе ў межах 300 рублёў.

РР: З выкладчыкамі праблем няма? Алег Трусаў: Нават адбор будзем праводзіць, бо жадаючых працаваць вельмі шмат. Увесь час падыходзяць новыя выкладчыкі і прапаноўваюць свае паслугі. Ды і студэнты ўжо цікавяцца, калі пачнецца набор. Але ўсяму свой час. Галоўнае, што беларускамоўны ўніверсітэт будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/aleg-trusau-belaruskamouny-universi/

10.04.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты