Навіны

Памяці ахвяраў Катыньскіх трагедый (фота)

Сябры непрызнанага ўладамі Саюза Палякаў у Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс і прадстаўнікі Генеральнага Консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні 10 красавіка урачыста ўшанавалі памяць ахвяр Катыньскага злачынства, якое было здзейснена Савецкім рэжымам 78 год таму. На гарнізонных вайсковых могілках, каля сымбалічнага Катынскага крыжа актывісты і польскія дыпламаты запалілі знічы і усклалі кветкі.

Як адзначыў даўні актывіст арганізацыі, сябра рады СПБ Анджэй Пачобут: “Катыньскае злачынства – гэта вялікая трагедыя ў гісторыі усяго польскага народа. Гэта не толькі злачынства, пад час якога мэтанакіравана было знішчана больш за 20000 польскіх афіцэраў. Была знішчана эліта нашага народу. Гэта таксама замоўчванне трагедыі і пабудова на гэтым цэлай індустрыі хлусні. Катынь вызначыў стасункі паміж Расеяй і Польшчай на доўгія гады і сымбалізаваў тое, што адбывалася ў нашым краі і ва ўсёй Польшчы пад час і пасля другой сусветнай вайны”.

Генеральны Консул Яраслаў Ксёнжак у сваёй прамове ўзгадваў тых, хто загінуў у Катынскай авіякатастрофе 2010 года ўрадавага самалёта з дэлегацыяй ў складзе 96 чалавек на чале з прэзідэнтам Лехам Качынскім, ягонай жонкай, прадстаўнікамі розных палітычных партый, грамадскіх дзеячаў, людзей, якія змагаліся за незалежнасць сваёй краіны супраць савецкага таталітарызму. Сапраўднай эліты польскага  народа 21 стагоддзя.

У гэты дзень за ахвяр Катыньскіх трагедый прайшлі памінальныя імшы ў Гарадзенскай Катэдры і Пабернардынскім касцёле.

11.04.2018

праваабарончыя сайты