Навіны

За наданне даце 25 сакавіка статусу дзяржсвята сабралі больш за тысячу подпісаў

Правацэнтрысцкая кааліцыя сабрала больш за тысячу подпісаў за наданне даце 25 сакавіка статусу дзяржаўнага свята. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Пра пачатак збору подпісаў ён заявіў на прэс-канферэнцыі 25 сакавіка каля опернага тэатра ў Менску. Падчас яе правядзення журналістам раздавалася заява правацэнтрысцкай кааліцыі. У дакуменце, у прыватнасці, гаварылася: „Мы і зараз не можам сказаць, што выпрабаванні для нас скончыліся. Перад намі стаяць старыя пагрозы і новыя выклікі, як унутраныя, так і знешнія. Адзіны шанец захаваць незалежнасць і ўзяць лёс у свае рукі — гэта зрабіць ўладу сапраўды народнай. А гэта значыць — вярнуць грамадзянам Беларусі права выбіраць„.

У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць БХД, Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух „За Свабоду”.

У нас сабрана больш за адну тысячу подпісаў, збор працягваецца. Але і іх дастаткова, каб рабіць наступныя крокі„, — адзначыў Рымашэўскі. Паводле яго слоў, распрацоўваецца законапраект аб наданні даце 25 сакавіка статусу дзяржаўнага свята. Дакумент разам з сабранымі подпісамі плануецца да канца вясны перадаць ва ўрад і іншыя зацікаўленыя органы і інстанцыі.

„Таксама мы маем намер актуалізаваць пытанне аб наданні статусу дзяржаўнага бел-чырвона-беламу сцягу. Ён павінен заняць годнае месца і статус у жыцці нашага грамадства„, — сказаў Рымашэўскі.

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Традыцыйна дэмакратычная грамадскасць Беларусі 25 сакавіка адзначае Дзень Волі. Сёлета з нагоды стагоддзя БНР апазіцыйныя і грамадскія актывісты арганізавалі маштабнае святкаванне даты ў сталіцы і рэгіёнах.

  БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/za-nadanne-datse-25-sakavika-statusu-dzyar/

13.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты