Навіны

Цёмная старонка гісторыі Святлянаў

Мала хто ведае, што на тэрыторыі паблізу раённага цэнтру Смаргонь у ваколіцах вёскі Святляны быў савецкі канцлагер, дзе працавалі зняволеныя, у тым ліку палітычныя вязні. Калі казаць пра месца размяшчэння ўласна вязняў, то ўтрымлівалі іх у Данюшаве, якія па іншы бок ракі Вялля. На левым жа беразе ў ваколіцах Святлянаў вялася маштабная будоўля вайсковага аэрадрому, дзе менавіта працавалі зняволеныя. Аэрадром гэты будавалі людзі, якія былі засуджаны за спазненне на працу, за бурак, жменю зерня, пару каласкоў – тыповыя ахвяры сталінскай калгасна-прыгнётавай сістэмы. Паводле некаторых звестак працавалі тут і некаторыя “крымінальнікі”.

У дакументах гэты аэрадром называўся “секретный объект НКГБ №110”. Знаходзіўся ён у 4 з паловай кіламетры ад Смаргоні каля Святлянаў. Будаўніцтва пачалося ў красавіку 1941 года. Спачатку сюды прыехалі геадэзісты, інжынеры-праектанты, а ўжо потым прывезлі зняволеных. Вязні савецкага канцлагеру карчавалі лес і рабілі ўзлётную паласу. Вязні былі прывезеныя з розных мясцовасцяў Савецкага саюзу, пераважна з Расеі. Было іх тут каля 6 тысяч – прыблізна чатыры тысячы мужчын, астатнія жанчыны.

Вось якія ўспаміны мясцовых жыхароў запісаныя пра тыя падзеі:

Леанід Лук’яновіч (1926 года нараджэння), жыхар вёскі Асінаўшчына: “У Смаргоні на маім вяку я памятаю чатыры аэрадромы. Першы існаваў яшчэ пры Польшчы. Ён зваўся вучэбны. Стаяла там невялікая вайсковая часць. Самалёты былі маленькія. Дзеці са школы ўсё бегалі туды на “выцечку” – экскурсію. Калі прыйшлі Саветы, пачалося будаўніцтва новага аэрадрома. Месца гэтае за Святлянамі ўбок Маркоўцаў. Пад будаўніцтва была адведзена вялікая плошча. Мясцовае насельніцтва, не толькі нашага раёна, але і суседніх, абавязана было вазіць каменне. Збіралі каменне на палях і звозілі на конхя на будоўлю. За гэта плацілі, здаецца, нейкія грошы. Непасрэдна будавалі аэрадром зняволеныя. Іх было вельмі многа. Кідалася ў вочы, што шмат было жанчын. Жылі яны ў панскім двары ў Данюшаве – у фермах, гаспадарчых пабудовах. Тэрыторыя тая была абнесена дротам, стаялі ахоўнікі. Кантакт з мясцовымі людзьмі быў строга забаронены. Але чамусці ўсе былі ўпэўнены, што гэтыя арыштанты ні ў чым не вінаватыя людзі, а таму іх вельмі шкадавалі. Шкадавалі, што галодныя і што вельмі цяжка працавалі. Апранутыя былі хто ў чым, у сваім. Калі пачалася вайна, відаць, іх пагналі на ўсход. Аэрадром дабудаваць не паспелі. Ляжалі горы зямлі і камення. Пасля вайны каменне вывозілі чыгункай кудысьці на будоўлю”.

Генуэфа Аўгусціновіч (1921 года нараджэння), жыхарка вёскі Аславяняты: “Людзей на аб’екце працавала шмат. Мы, напрыклад, вазілі са станцыі цэмент, а з кар’ераў – пясок і жвір.

Зняволеныя працавалі ўдалечыні, допуску да іх не было. Яны зразалі верхні слой зямлі, брукавалі. Былі маладыя, размаўлялі па-руску. Неяк удалося загаварыць з адной жанчынай. Яна сказала, што атрымала тэрмін за спазненне на працу. За работу мясцовыя ўлады павінны былі нам плаціць, але не разу не заплацілі, не паспелі, бо пачалася вайна.

Іван Русак (1917 года нараджэння), жыхар вёскі Загор’е: “Я працаваў у Жодзішках участковым упаўнаважаным. Прыходзілася бываць у Данюшаўскім лагеры. Былі там зняволеныя з вялікімі тэрмінамі пакарання, як палітычныя, так і крыміналісты. Працавалі яны многа і хутка – з раніцы стаіць лес, а к вечару тут ужо голая пляцоўка. Ад лагера да будаўнічай пляцоўкі было 6 кіламетраў. Гэта, безумоўна, ускладняла становішча зняволеных: прайсці кожны дзень яшчэ такі адрэзак пасля цяжкай працы было няпроста. Потым паром праз Вяллю перацягнулі ў другое месца, і адлегласць скарацілася ўдвая. Запамятавалася, што, ідучы калонай на работу, яны чамусьці кожны раз неслі з сабой нейкія клункі, магчыма, свае пажыткі. Можа, думалі, што не вярнуцца назад. Часта, калі падыходзілі да ракі, на паром, прагна прыгаршчамі пілі ваду, бо кармілі іх камсой. Было прывезена некалькі бочак.

Марыя Гіль (1913 года нараджэння), жыхарка Данюшава: “Неяк у канцы красавіка 1941 года па вёсцы папаўзлі чуткі, што прывязуць зняволеных, якія будаваць будаваць каля Святлян аэрадром. І вось у ноч на 1 мая мы прачнуліся ад шлякання абутку. Пад праліўным дажджом праз вёску бясконцай чарадой ішлі панурыя чалавечыя постаці. Іх гналі ў будынкі і гумны былой пані Кярсноўскай. Кожны дзень калонай па чатыры чалавекі ў суправаджэнні аховы хадзілі яны праз вёску. Мы бачылі худых, знясіленых, паросшых, як кажуць, мохам людзей і не верылі, што гэта злачынцы. Усе гаварылі тады, што арыштавалі іх за сноп жыта, бурак і г. д. па даносах. Калі ішла калона, то людзі, вяскоўцы, давалі ім хлеб, бульбу, адным словам, што было. Але ахоўнікі строга забаранялі. Тады прынаравіліся нешта ўтыкаць у плот, асабліва табаку. Бо вельмі пакутавалі курцы, як было вядома.

Марыя Мурашка (1908 года нараджэння), жыхарка вёскі Маркоўцы: “У вёсцы вельмі шкадавалі зняволеных. Для нас яны былі ніякія не ворагі, а гаротныя людзі, якія хочуць есці. І хоць строга забаранялася, людзі ўсё роўна знаходзілі магчымасць нешта перадаць. Так, напрыклад, калі ў сераду ішлі ў Смаргонь на базар, то бралі нешта, каб падкласці пад дрот на будаўнічай пляцоўцы. Запамятавалася, што на базар мы хадзілі з усходам сонца, а зняволеныя ўжо працавалі.

Безумоўна, што мы шмат бачылі і чулі, але ж, як кажуць, трымалі рот на замку, бо памяталі, як раптоўна знікалі людзі ў 1940 годзе і потым”.

(успаміны паводле публікацыі Н. Е. Маркавай, кніга Памяць. Смаргонскі раён. Мн., 2004).

Калі пачалася вайна Германіі супраць СССР, на Смаргоншчыну прыйшлі немцы. Перад гэтым зняволеных пагналі на ўсход. Аэрадром не быў дабудаваны. Але паводле некаторых звестак немцы дарабілі ўзлётную паласу і ляталі адсюль бамбіць Маскву. На карысць гэтай версіі сведчыць той факт, што ў 1944 годзе пад Святлянамі дыслакаваўся 334-ы, так званы Берлінскі, савецкі авіяполк, самалёты якога ляталі ўжо бамбіць Нямеччыну. Менавіта адсюль апошні раз вылецела радыстка Аня Марозава, гераіня дакументальнай аповесці савецкага выведніка і журналіста Напалеона Рыдзеўскага “Парашуты на дрэвах”, якая загінула на тэрыторыі Польшчы, паблізу горада Млавы.

Пасля перабазавання авіяпалка, аэрадром прыйшоў у заняпад. Лёс вязняў Святлянскага савецкага канцлагеру невядомы. Сядзіба Кярсноўскіх згарэла пасля вайны – яе падпаліў мясцовы злодзей. Не захаваліся і гаспадарчыя пабудовы, у якіх жылі вязні. Ад аэрадрома ў Святлянах да сёння не засталося аніякіх слядоў. На яго месцы зараз – калгаснае поле. Дакладнае месца вызначыць цяжка.

Палеткі ў ваколіцах Святлянаў

Від на Вяллю з данюшаўскага берагу

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара  

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/tsyomnaya-staronka-gistoryi-svyatlyanau/

17.04.2018

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты