Навіны

Адна капейка

Усе беларусы ведаюць, што з пачатку бягучага года ў Беларусі сем разоў даражэла аўтамабільнае паліва. 8 лютага падаражанне адбылося на 2 капейкі, а 10, 15, 24 і 30 сакавіка, а таксама 4 красавіка кошт паліва падвысіўся на 1 капейку. А 14 красавіка на аўтазаправачных станцыях Беларусі адбылася наогул “сенсацыя”: аўтамабільны бензін падаражэў на 1 капейку, а вось дызельнае паліва, о, гэта цуд, знізілася на 1 капейку. Маўляў, глядзіце, беларусы, і ў нас ёсць тавар, які можа нават патаннець – гэта дызельнае паліва. Усюды з кожным днём на ўсё кошты растуць, а тут, калі ласка, на АДНУ капейку паліва патаннела. Гэта ўсё зроблена спецыяльна, каб супакоіць рахманых беларусаў. Але справа нават не ў супакаенні, а ў тым, як нас не паважаюць у роднай краіне. Гэта самая сапраўдная насмешка над людзьмі, над народам, каб сем разоў з пачатку года павялічыць на 2 і 1 капейкі кошты на паліва і адзін раз на адну капейку зменшыць. Маўляў, глядзіце, якія мы добранькія, лагодненькія. А чаму не зрабіць наадварот? А?..

Ды і што сёння значыць адна капейка? Што за яе можна купіць. Гэта ў ХХ стагоддзі ў другой палове можна было за капейку купіць карабок запалак, шклянку газаванай вады без сіропа, кавалачак хлеба ў сталовай, аловак, канверт без маркі, газеты “Зорька” і “Піянер Беларусі” і г.д. А сёння ў Беларусі і за адзін рубель амаль нічога немагчыма купіць, акрамя газет. Прыгадваецца стары анекдот пра капейку. Неяк Чабурашка падабраў на вуліцы адну капейку і пытаецца ў Гены: “Капейка – гэта колькі?”. “Адчапіся!” – кажа Гена. “Скажы мне, ці многа гэта, ці мала?”, – зноў пытаецца Чабурашка. “Адчапіся!”, – крычыць Гена. “Ну скажы”, – не адстае Чабурашка. “Многа”, – адказаў Гена. І Чабурашка пайшоў у краму. Набраў шмат розных цацак, салодкіх ласункаў, падыходзіць па прадаўца. Той на яго здзіўлена глядзіць. А Чабурашка кладзе адну капейку і кажа: “Чаго глядзіш на мяне, давай рэшту!”

Так і ў нас. Мы – чабурашкі, якія думаем, ці многа гэта адна капейка, ці мала. Ой, патаннела дызельнае паліва на адну капейку. Дык гэта, мусіць, добра. Бо ўсё ж гэта КАПЕЙКА. А дзесяць літраў – гэта дзесяць капеек, а сто літраў – гэта сто капеек. Раней капейка рубель берагла, а сёння гэты наш беларускі рубель зусім безабаронны. А цяпер прыменім матэматыку: 8 лютага паліва падаражэла на 2 капейкі, а потым 6 разоў на 1 капейку. Але патаннела дызельнае паліва на 1 капейку. Адымаем ад тых першых 2 капеек адну капейку – атрымаецца адна капейка. Вынікае, што 7 разоў паліва падаражэла на 1 капейку. І, здаецца, незаўважана падаражэла паліва на 7 капеек. А калі мы залівам у бак машыны 10 літраў, то атрымліваецца мы ўжо заплацілі на 70 капеек даражэй за паліва, чым летась. Вось так і жывем, выкідваючы з ўласнай кішэні непрыкметна па капейцы.  

Сяргей Чыгрын

17.04.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты