Навіны

180 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Дыбоўскага

18 красавіка 1838 года ў маёнтку Адамарын (цяперашні Маладэчанскі раён Беларусі) нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі, чалавек незвычайнай і вельмі адметнай біяграфіі.  Удзельнік паўстання 1863-64 гадоў, заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог, фалькларыст – гэта ўсё пра яго.

Маёнтак Адамарын некалі належаў дзеду Дыбоўскага па маці, яго назва ўзнікла ад спалучэння імёнаў Адам і Марыя. Сям’я жыла то ў Адамарыне, то ў іншым маёнтку – Тонвы. Звесткі пра Уладзіслава Дыбоўскага знаходзім ва ўспамінах яго роднага брата Бенядыкта, а таксама з мемуараў самога героя, які быў наймалодшым дзіцём у сям’і. Бацька Ян Дыбоўскі быў аканомам, маці – Саламея з роду Пшысецкіх. У дзяцінстве Уладзіслаў з-за недагляду нянькі моцна захварэў, у выніку чаго яму вельмі доўга і няўдала лячылі нагу. Гэтае калецтва моцна адбілася на ўсім яго далейшым лёсе. Вядома таксама, што бацька Уладзіслава быў добрым агароднікам, што не магло не адбіцца на лёсе сына. Дзеці Дыбоўскага атрымалі спярша добрую прыватную адукацыю. Уладзіслаў потым скончыў менскую гімназію, а ў 1862 годзе Дэрпцкі (Тартускі) ўніверсітэт. Галоўнай сферай яго навуковага інтарэсу там стала палеанталогія.

   Пасля сканчэння ўніверсітэту Уладзіслаў едзе на Наваградчыну, а неўзабаве выбухае вызвольны чын. За ўдзел у студзеньскім паўстанні, нягледзячы на інваліднасць нагі, быў засуджаны да турэмнага зняволення – сядзеў у менскай турме. Арыштаваная была амаль уся сям’я Дыбоўскіх, брат Бенядзікт высланы ў Сібір, паранены брат Тадэвуш здолеў уцячы ў Галіцыю.

   Да навуковай працы ў Тарту Уладзіслаў Дыбоўскі змог вярнуцца толькі ў 1871 годзе. Нягледзячы на абвастрэнне хваробаў, у тамтэйшым універсітэце ён сур’ёзна падвышаў свой навуковы ровень і плённа дзеіў, апрацоўваў зборы свайго брата Бенядыкта, якія той перасылаў з Сібіры і Камчаткі, друкаваў даследчыя артыкулы. У 1873 годзе абараніў дысертацыю, атрымаў вучоную ступень магістра мінералогіі. З 1874 г. – штатны асістэнт мінералагічнага кабінета Дэрпцкага ўніверсітэту. У гэты перыяд ён прыязджаў да сваёй сястры Мальвіны, што жыла ў маёнтку Войнаў непадалёк ад Любчы, дзе таксама вёў навуковы пошук. Праца Дыбоўскага “Фаўна бруханогіх возера Байкал” адразу прынесла яму ведамасць сярод заолагаў.

З-за кепскага здароўя навуковец быў змушаны пакінуць дэрпцкі ўніверсітэт. Пры тым ён паспеў абараніць доктарскую дысертацыю, але сталай працы там таксама ня меў. З 1878-га да пачатку 1900-ых гадоў Уладзіслаў Дыбоўскі жыў у Нянькаве (цяперашні Наваградскі раён). Маёнтак Нянькаў, які быў прыблізна за 20 кіламетраў ад Наваградку, ня быў уласнасцю Дыбоўскага, ён арандаваў яго ў нейкага Умястоўскага. Паблізу жыла сястра Мальвіна Наргялевіч, якая вельмі дапамагала брату.

Жывучы ў Нянькаве, Уладзіслаў працягваў апрацоўваць зборы брата, а таксама вывучаў мясцовую навакольную флору. Уздымаў навуковыя пытаннір глабальнага характару – кшталту праверкі гіпотэзы Губальдта пра тое, што Каспійскае мора ўтварылася ў выніку аддзялення ад Чорнага.  Выязджаў у Львоў, а таксама збіраў расліны для свайго гербарыя ў ваколіцах Свіцязі. Дыбоўскаму было досыць самотна – без сваёй сям’і і аднадумцаў. Ад роспачы ратавала навука – ягоная найбольшая любоў. Працаваў ажно да смерці, незадоўга да яе перадаўшы брату артыкул пра малюскаў возера Байкал.

Сярод іншых працаў вучонага, які быў паліглотам, можна знайсці і два зборнікі беларускіх загадак і прымавак.

Пахаваны каля Любчы ў маёнтку Войнава. Дом у Нянькаве быў знішчаны ў час другой сусветнай вайны. Цяпер паблізу таго месца стаіць памятны камень з шыльдай. Помнік на магіле ў Войнаве быў знішчаны ў 1950-ыя гады. На колішнім пастаменце ўсталявана мемарыяльная табліца. У наш час імя выдатнага навукоўца трапіла ў розныя беларускія энцыклапедыі і даведнікі. У 1989 годзе выйшла кніжка “Рыцар навукі з Нянькава”.

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара

 

  

18.04.2018

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты