Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Платона Галавача

Беларускі пісьменнік Платон Галавач, які ў час абвешчання БНР быў ужо юнаком, нарадзіўся 18 красавіка 1903 года ў вёсцы Пабокавічы на Бабруйшчыне. Паходзіў ён з беднай сялянскай сям’і. Рана застаўся без маці, а асірацеўшы, наймаўся пасвіць кароў. Падросшы, ён звязаўся з камсамолам, вучыўся ў Мінску ў партыйнай школе, адначасна быў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэту камсамолу. А калі скончыў камуністычны ўніверсітэт на стала перабраўся ў Мінск, дзе працаваў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты “Чырвоная змена”. Галавач быў адным з кіраўнікоў літаратурных арганізацыяў “Маладняк”, БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы “Маладняк”, “Полымя”. З самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Галавач змагаўся за чысціню роднае мовы, за яе дакладнасць і выразнасць. Пісьменнік Ян Скрыган так успамінаў пра Галавача: “Любіў глядзець трошачкі спадылба, гаварыў вельмі спакойна і ціха, голас у яго быў мяккі, з малюсенькім насавым гучаннем. І здалося зусім нечаканым, што няма ў яго ні рэзкага жэсту, які звычайна выпрацоўвае прафесія, ні строгага позірку, ні павышанай камандзірскай ноты – усё па-чалавечы проста і душэўна”.

Публікавацца Платон Галавач пачаў у 1921 годзе. Сімвалічна, што першае апавяданне называлася “Загубленае жыццё”. У 1927 годзе выйшла кніга апавяданняў “Дробязі жыцця”. Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Яго творы карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, ідыш і іншыя мовы. Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863 года і асобу Кастуся Каліноўскага.

   Партыйную кар’еру, літаратурную творчасць і жыццё пісьменніка абарваў сталінскі генацыд. 11 жніўня 1937 года Галавач быў арыштаваны. У час ператрусу энкавэдэшнікі канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман “Ён”).

У турме НКВД лёс звёў Галавача з яшчэ адным рэпрэсаваным пісьменнікам Станіславам Шушкевічам, які пазней успамінаў: “Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў... Нарэшце загаварыў: “За мной няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас”. Сказаў і заплакаў...”. Перад судом Галавач пакінуў у камеры запіску: “Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон”.

28 кастрычніка 1937 года адбыўся “суд”, які доўжыўся 15 хвілін. Змучаны Галавач прызнаў сябе вінаватым. Тройкай НКВД асуджаны як “арганізатар тэрарыстычнай групоўкі” і за “правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасьці” да вышэйшае меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’я пра гэта нічога не ведала, ёй толькі праз сем гадоў было абвешчана, што Галавач памёр 25 снежня 1944 года ў лагеры ад паралюшу сэрца. Рэабілітаваны пісьменнік толькі 25 ліпеня 1956 года. Жонка пісьменніка Ніка Вечар была таксама арыштаваная ў лістападзе 1937 года, пазней засуджаная да 8 гадоў савецкага канцлагеру, была зняволеная ў Казахстане. Пасля вызвалення вярнулася на радзіму, таксама рэабілітаваная ў 1956 годзе.

Імем Галавача названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 годзе на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага раёна, дзе вучыўся Галавач, адкрытая мемарыяльная дошка.

18.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты