Навіны

“Прашу не турбаваць тых, хто ня быў на Дні Волі!”

Cотыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі беларуская грамада адзначыла шматлікімі мерапрыемствамі па ўсім свеце. Натуральна, найбольшую увагу прыцягвалі акцыі, што адбываліся ў Беларусі. Як гэта праходзіла ў горадзе над Нёманам, наўздагон сваімі разважаннямі падзяліўся вядомы гарадзенскі мастак Алесь Сураў.

“Адсвяткавалі мы дзень, калі была падпісана 3 Устаўная грамата  25 сакавіка 1918 года і абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Што мяне здзівіла і што мяне парадавала? Зразумела, сённяшнія  улады традыцыйна не хацелі прызнаваць і мець нейкія адносіны да гэтага Свята. Яны баяліся шэсця і правядзенне яго забаранілі, але скрыгочучы зубамі, дазволілі канцэрты. Сам факт 100-годдзя БНР яны не змаглі праігнараваць і мяне парадавала, што нават чыноўніку стала зразумела значнасць гэтай падзеі. Яны цудоўна усведамляюць, калі б не было 25 сакавіка 1918 года, то не было б беларускага прэзідэнта, ні гэтай улады, ні самых гэтых чыноўнікаў. Было б усё значна прасцей – расейская перыферыя і расейскія чыноўнікі. Кім бы яны былі?  У лепшым выпадку проста – “государевы люди”. А зараз яны беларускія дзяржаўнікі – сказаў мастак.

Адзначаючы важнасць гэтай падзеі, Спадар Алесь падкрэсліў:

“Гэты год павінен стаць годам усведамлення таго, што мы жывем у адной Беларусі і гэта не прыдуманае свята, як не прыдуманыя Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Мы нашчадкі таго, што адбывалася тут раней. Год стагоддзя БНР павінен быць адзначаны мемарыяльнымі знакамі, і каб гэтых знакаў было шмат. У Гародні, другой  сталіцы БНР, абавязкова павінна паўстаць памятная шыльда, прысвечаная тым падзеям. Каб людзі пыталі –  што гэта за шыльда, адкуль гэта усё ідзе.

Каментуючы, як адсвяткавалі Дзень Волі  ў Гародні, творца зазначыў: “Калі казаць пра сёлетняе 25 Сакавіка у Гародні, то узрадавала тое, што адсвяткавалі прыстойна, па-еўрапейску. Бачыў вельмі шмат знаёмых, з якімі ужо даўно не сустракаўся. Адначасова ведаю шмат людзей, якія хаваліся пад жончынымі спадніцамі, за печчу і лавамі. Такі, на жаль, характар ў многіх сённяшніх беларусаў. Мы, як зайчыкі, якіх па полі гоніць са стрэльбаю злы пан, альбо ягоныя сабакі ці расейскія ваякі. І гэтыя зайчыкі жывуць у душах нашых людзей. Мой асабісты адказ гэтым людзям, якія не прыйшлі на свята, хоць ведалі, што ўсё дазволена, такі, я нават у сваёй майстэрні павесіў запіску на дзверы: “Прашу не турбаваць тых, хто не быў на Дні Волі”. Хай мяне болей не турбуюць і надалей сядзяць пад лаўкамі. Час зрушыўся, час ідзе наперад і пад лаўкамі сядзець ужо смешна. Я запрашаю людзей правесці гэты год у адкрыцці новых выставаў, новых падзей і ўсё прысвячаць 100-годдзю БНР, бо гэта для нас найважнейшая дата, бо без БНР не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь”.

А тая дыскусія, якая постфактум разгарнулася ў нашым грамадстве   падзяліла яго на тых хто “за” і “супраць”. Галоўнае пытанне – “Ці правільна быў абраны фармат святочных мерапрыемстваў, чаму замест традыцыйнага шэсця стаўку зрабілі на святочны непалітызаваны мітынг-канцэрт? Можа давайце адзначаць 100 годзе БНР справай і далей – заўтра, паслязаўтра, а ў Гародні праз год зноў 100-годдзе БНР. Далучайцеся!

Падрыхтаваў Эдвард Дмухоўскі 

 

18.04.2018

праваабарончыя сайты