Навіны

Духоўны і ідэалагічны натхняльнік Студзеньскага паўстання

«Дзень памяці паўстанцаў 1863-га году» традыцыйна ў апошнія выходныя кастрычніка ўжо больш за дваццаць год запар штогод ладзіцца ў Свіслачы. Удзельнічаюць жыхары Свіслачы і прыязджаюць патрыёты з Гарадзенскай вобласці, з Менску і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Пачынаецца ўсё малебнам у храме. Затым усе збіраюцца на магіле Віктара Каліноўскага, дзе пасля кароткай прамовы хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць герояў. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Потым ускладваюцца кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, запальваюцца знічы, гучаць прамовы. Наступны кірунак у Якушоўку, дзе на месцы родавай сядзібы Каліноўскіх усталяваны крыж і пастаўлены памятны камень.

Калі магілу Кастуся Каліноўскага служкі Расейскай імперыі ўтаямнічылі, каб яе нельга было знайсці, то – парадокс – месца пахавання Віктара Каліноўскага вядомае дзякуючы тым жа служкам.

У Свіслач быў накіраваны прадстаўнік следчай камісіі, бо толькі пасля знаходкі магілы і чалавека, які яго непасрэдна хаваў, следства па справе Віктара Каліноўскага можна было зачыніць.

Следчыя наўрад ці маглі сабе ўявіць, што магіла брата кіраўніка паўстання, якую яны знайшлі, але не палічылі патрэбным знішчыць, стане сімвалам для нашчадкаў, і праз паўтары стагоддзі, нягледзячы на забарону ўлады, на яе будуць прыходзіць людзі з кветкамі і знічамі. Усё праходзіць пад пільным наглядам сілавікоў з абавязковым запісваннем таго што адбываецца на відэакамеру. Удзельнікаў Дня памяці неаднаразова затрымлівалі і судзілі, запалохвалі і перашкаджалі збірацца. Але традыцыя не ўмірае…

Віктар Отан Каліноўскі нарадзіўся 9 (21) красавіка 1833 года там жа, дзе і Кастусь, – у Мастаўлянах (памежная вёсачка, зараз на тэрыторыі Польшчы). З 1841 па 1851 гады вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, якую пасля скончыў і малодшы брат. У 1852 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля – у Пецярбургу. Віктар увесь час апекаваўся сваім малодшым братам. Дзякуючы Віктару, Кастусь Каліноўскі стаў тым, кім стаў. Жылі браты Каліноўскія, галоўным чынам, на заробкі Віктара ў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Працуючы там, Віктар Каліноўскі па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі займаўся росшукам у кнігасховішчах матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, іх апісаннем і капіяваннем.

Прыкладна ў 1858 годзе, калі была створана вайскова-рэвалюцыйная арганізацыя афіцэраў Генеральнага штаба Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага, у склад яе дзейсных сяброў увайшлі таксама Кастусь і Віктар Каліноўскія.

Віктар стаў адным з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Распаўсюджваў сярод сябраў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся пошукам новых сябраў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы.

3 1857 падтрымліваў навуковыя сувязі з бібліятэкай Асалінскіх у Львове, з яе супрацоўнікам, а потым дырэктарам Аўгустам Бялёўскім, дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы «Monumenta Poloniae Historica».

Падчас працы ў Публічнай бібліятэцы складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб, даследаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў у Беларусі і Украіне. Падрыхтаваў да друку на расейскай мове манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 года ўкраінскіх сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобласць, па невядомых прычынах праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча, дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарах выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі.

Віктар Каліноўскі за шэсць гадоў свайго знаходжання ў Пецярбургу сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг на шасці мовах: польскай, лацінскай, французскай, нямецкай, расейскай і беларускай. Пераважная большасць іх была прысвечана розным праблемам гісторыі ВКЛ і Польшчы.

Супрацаваў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу Ясафат Агрызка.

Віктару Каліноўскаму не ўдалося паўдзельнічаць у паўстанні 1863-1864 гадоў – перашкодзіла заўчасная смерць.

Восенню 1862 захварэў на сухоты, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, дзе і памёр 25.10 (6.11).1862 г. 27 кастрычніка (8 лістапада)1862 года настаяцель свіслацкага касцёла пахаваў Віктара на «публічных прыходскіх могілках».

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

20.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты