Навіны

95 гадоў з дня смерці Ігната Канчэўскага

З біяграфіі беларускага філосафа, паэта, публіцыста, сучасніка БНР Ігната Канчэўскага вядома зусім няшмат. Меў ён кароткі век і пражыў толькі 27 гадоў. Але ўвайшоў у гісторыю нацыянальнай ідэалогіі, найперш дзякуючы сваёй цікавай працы “Адвечным шляхам”. Напісаная яна і ведама пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч. Ён быў узяты з аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы”.

Нарадзіўся Ігнат Канчэўскі ў Вільні ў траўні 1896 года, дакладны дзень нараджэння невядомы. Паходзіў з сям'і судовага чыноўніка, брат Арсена Канчэўскага. Лёс малодшага брата, актыўнага дзеяча заходнебеларускага руху надзвычай трагічны. У 1931 годзе ўсяго ў веку 29 гадоў ён загінуў, патануўшы ў Чорным моры.  

У 1913 годзе Ігнат Канчэўскі скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, далей вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, Маскоўскім універсітэце (1913-16 гг.). Служыў у войску, пасля службы вучыўся на Вышэйшых кааператыўных курсах пры ўніверсітэце імя А. Л. Шаняўскага (Масква, 1917 год). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў украінскі нацыянальны рух. Працаваў у розных кааператыўных установах у Вільні і Самаленску. 3 1919 года ў Менску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх таварыстваў Беларусі. У халодным і галодным Мінску ён захварэў на сухоты, што істотна скараціла яго век.

Вярнуўшыся ў родную Вільню, Канчэўскі акрамя беларускіх спраў грунтоўна вывучаў заходнюю філасофію і займаўся ўсходнімі філасофскімі практыкамі. Вядома, што заснаваў у Віленскай беларускай гімназіі гурток заняткаў ёгай.

Ігнат Канчэўскі друкаваў вершы, палітычныя артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Актыўна пісаў вершы і артыкулы па каперацыі. Аўтар знакамітага эсэ “Адвечным шляхам” (выйшла ў Вільні ў 1921 годзе) пра драматызм беларускіх гістарычных лёсаў.

Аснова светагляднай і жыццёвай пазіцыі Ігната Канчэўскага – адданасць беларускай справе, любоў да Бацькаўшчыны, ахвярная праца на карысць народа. У сваім філасофскім эсэ ён раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкодаў лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух “канцылярыі”. Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб'яднання людзей, у выбары “трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі – паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам”.

Паводле канцэпцыі Канчэўскага беларускі светагляд узнік у выніку спрадвечнага змагання паміж двума тыпамі культуры – заходнім і ўсходнім. Беларусы за тысячу гадоў ні да якога з іх так і не далучыліся. У гэтай раздвоенасці ён бачыў трагедыю нашага народу.

Вершы друкаваў пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэтычная творчасць Канчэўскага вызначаецца філасофскай пранікнёнасцю ў сутнасць народнага жыцця, спалучэннем прыгажосці беларускага слова з нацыянальным светаглядам, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы “Па святой зямлі…”, “Вераснёвае панно”, “Так прыгожы старыя званіцы…”, “На матывы Р. Тагора”, верш у прозе “Мы разам…”).

Памёр Ігнат Канчэўскі 23 красавіка 1923 года ў Вільні, пахаваны на знакамітых могілках Росы.

 

23.04.2018

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты