Навіны

МНС абвергла інфармацыю пра пажар на БелАЭС

Ніякага пажару 17 лютага гэтага года на будаўніцтве Беларускай АЭС не было, заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Паводле яго слоў, у гэты дзень было зафіксавана „кароткае замыканне сілавога кабелю, які вядзе да вежавага крана”, але да ўзгарання не дайшло. Супрацоўнікі МНС выязджалі на месца здарэння, але „работ па ліквідацыі не вялося, таму што не было гарэння, пажару”.

Раней жыхар Астраўца антыядзерны актывіст Мікалай Уласевіч паведаміў БелаПАН са спасылкай на свае крыніцы аб тым, што 17 лютага ў сістэме аварыйнай абароны рэактара АЭС, якая будуецца, адбылося буйное ўзгаранне. Ён заявіў, што ўзгаранне, паводле слоў відавочцаў, узнікла ў электрашчытавой падчас выпрабавальнага запуску абсталявання сістэмы аварыйнай абароны рэактара. Паводле слоў актывіста, шчытавая з дарагім абсталяваннем цалкам выгарэла, агонь таксама пашкодзіў мноства электрычных кабеляў.

У інфармацыйным цэнтры станцыі БелаПАН заявілі, што „пакуль не могуць пракаментаваць гэту інфармацыю”, паколькі звестак пра які-небудзь такі інцыдэнт у іх няма.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце АЭС-2006 новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/mns-abvergla-infarmatsyyu-ab-pazhary-na-b/

25.04.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты