Навіны

135 гадоў з дня смерці Напалеона Орды

На 26 красавіка прыпадаюць угодкі з дня смерці Напалеона Орды, знакамітага мастака, піяніста, кампазітара, удзельніка паўстання 1830 года, чалавека, які аб’ехаў, абышоў усю Беларусь. І ня проста абышоў, але і зафіксаваў для нашчадкаў выдатнейшыя мясціны нашай мінуўшчыны, пакінуўшы багатыя зборы сваіх малюнкаў.

Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 года ў мясцовасці Варацэвічы тагачаснага Пінскага павету (цяпер гэта Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Бацькам яго быў інжынер, які займаўся фартыфікацыяй. Пачатковую адукацыю Напалеон атрымаў дома. Галоўнай яго выхавацелькай і дарадцай цягам усяго жыцця была маці – Юзафіна, дачка пінскага суддзі Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала французскай мовай і была таленавітай піяністкай. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазітару дала менавіта яна.

У 1823-ім годзе Напалеон скончыў Свіслацкую гімназію, пасля чаго паступіў у віленскі ўніверсітэт. У 1927-ым быў выключаны адтуль за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве “Заране”. Калі надышло вызвольнае лістападаўскае паўстанне, Орда не застаўся ўбаку. Пасля паразы збройнага чыну ён эміграваў, жыў у розных еўрапейскіх краінах: Аўстрыі, Швайцарыі, Італіі, Францыі. У 1833 годзе ён трапіў у Парыж, дзе шчыльна кантактаваў з Адамам Міцкевічам, дасканаліў сваё майстэрства грання на фартэпіяна, сябруючы з Фрэдэрыкам Шапэнам. Там жа атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі славутага партрэтыста Паскаля Жэрара. У гэты ж час Орда выдае свае фартэпіянныя творы. А ў сярэдзіне 1840-ых ён узначальваў Італійскую оперу ў Парыжы.

У 1856 годзе Орда пакідае ўладкаванае еўрапейскае жыццё і вяртаецца на радзіму. Пэўны час жыў у Варацэвічах, а таксама ў Гродне, пасля перабраўся на Валынь, працаваў там хатнім настаўнікам. У 1873 годзе Напалеон Орда выдаў “Граматыку музыкі”, якую вельмі высока ацаніў Станіслаў Манюшка. Увесь гэты час Орда нястомна працаваў як мастак, ягоным сапраўдным захапленнем былі архітэктурныя помнікі і мясціны старасветчыны. Ён вельмі шмат падарожнічаў па землях былога ВКЛ, рабіў замалёўкі акварэллю, алоўкам, сепіяй. У той час, калі яшчэ не было фатаграфіі, яго працы сталіся неверагодна патрэбнымі. Пры тым ён рэдка адыходзіў ад “дакументальнасці”, што зрабіла яго творы каштоўнейшымі крыніцамі па гісторыі архітэктуры. Толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ім зроблена каля 300 малюнкаў гарадоў, мястэчак з выявамі палацаў, храмаў, замкаў. Асабліва каштоўныя з іх – малюнкі тых гістарычных аб’ектаў, якія не захаваліся, альбо зберагліся толькі часткова. У Польшчы выдадзеныя шматлікія альбомы, прысвечаныя багатай мастацкай спадчыне творцы. За апошнія дваццаць гадоў ня раз выдаваліся рэпрадукцыі малюнкаў Орды і ў Беларусі…

У 1883 годзе Орда раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў родавым склепе на радзіме, пра што ён прасіў у сваім запавеце. У Янаве (сённяшнім Іванаве) выдатнаму мастаку і кампазітару пастаўлены прыгожы помнік.

 

26.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты