Навіны

Ці з’явіцца ў Гародні мова?

У цэнтральным парку імя Жылібера няма ніводнай шыльды па-беларуску. Калі не лічыць шыльду тэатра лялек (які не належыць адміністрацыі парку), усё аформлена па-расейску. Складаецца ўражанне, што парк нібыта ў якім расейскім Тамбове ці Волагдзе.

Дзяржаўныя структуры, кшталту камунальнікаў, усе сметніцы падпісваюць па-расейску (стекло, бумага, металл…) і нават слоган – налепкі: „Сделаем город красивым”!

Арка каля рэчкі Гараднічанкі таксама падпісана па-расейску, бо ва ўласніка аркі не паднялася рука – літару „О” памяняць на „А”. Вось прыедуць на Фэст нацыянальных культураў госці і не зразумеюць, дзе яны. Хіба расейскія госці будуць адчуваць сябе як дома.

У забаўляльным парку: „Касса, Автодром, Комната смеха, Лопни шарик, сбей банку, большой выбор призов….”. Былая кавярня „Бярозка”, носіць расейскую назву „Колобки”!

Складаецца ўражанне, што гарадзенскія ўлады адной рукой абнадзейваюць выкананнем пастановы ўраду і адміністрацыі кіраўніка Беларусі ад 2010 года, па пашырэнню і папулярызацыі беларускай мовы, а другой свядома не даюць ёй ходу ў абласным цэнтры.

Спадзяемся, што адпаведныя структуры гарвыканкаму адрэагуюць на такія факты.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/tsi-zyavitstsa-u-garodni-mova/

26.04.2018

Відэа

праваабарончыя сайты