Навіны

Жыхары інтэрната ў Смаргоні – ахвяры нядбайнага рамонту

Паводле пашпарта аб'екта капітальны рамонт інтэрната па вуліцы Маладзёжнай, 12 у Смаргоні вядзе КУП «Рамонтна-эксплуатацыйная служба Смаргонскага раёна». З пашпарта таксама бачна, што рамонт пачаты 26 сакавіка 2018 г.. А вось дата завяршэння будаўнічых работ ніяк не акрэслена.

Пасля пачатку рамонт стаў адлюстраваннем сучаснай эканомікі: відавочна, фінансаванне адсутнічала, а таму будаўнікі за месяц рамонту абмежаваліся зняццем часткі даху над двума блокамі і накінулі зверху брызент.
Усё было добра, пакуль у апошнія дні красавіка не пайшлі  дажджы. Ні то брызент дзіравы, ні то дажджавая вада з астатняй часткі плоскага даху пацякла ў знятую частку, але ў двух кватэрах і калідоры назіраецца патоп: па сценах цячэ, са столі ляцяць кроплі. Жыхару пакоя №36 Анатолю Сураўцу нават няма як спаць, бо кроплі ляцяць на ложак, які ён мусіў накрыць цэлафанам, а ў кожным месцы падзення на падлогу кропель паставіў слоікі. Анатоль Суравец з'яўляецца мастаком, рыхтуецца да выставы, а таму знаходзіцца ў роспачы: як захаваць карціны?

Выкліканая 30 красавіка 2018 года аварыйная служба нічым не дапамагла.
Таму відавочна, што бліжэйшыя выходныя са «святам працы» жыхары двух блокаў інтэрната правядуць у стрэсавым стане: не дай Бог, зноў пойдзе дождж!

01.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты