Навіны

«Першамаю трэба вярнуць першапачатковае значэнне»

Свята працоўнай салідарнасці Першамай з’яўляецца ў Беларусі выходным днём, як гэта было і за савецкім часам, калі прымусовымі дэманстрацыямі ўлады дэманстравалі ўсяму свету шчаслівых і ўдзячных уладзе грамадзян. Цяпер, калі нешта ўладамі арганізоўваецца, то, звычайна, сціпла і не масава. — Беларусы не ўспрымаюць свята Першамая як дзень барацьбы за свае працоўныя правы. Першамаем нашы людзі карыстаюцца як дадатковым выходным для вырашэння сваіх асабістых спраў, — кажа старшыня Цэнтральнай рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч:

— Яму трэба вярнуць першапачатковае значэнне: Дзень барацьбы наёмных работнікаў за свае правы. За годны заробак, за добрыя ўмовы працы, за добрае сацыяльнае забеспячэнне. Вось за гэта павінны змагацца, а не галёкаць: «Ура партыі!». За савецкім часам было: «партыі Леніна Ура», а цяпер афіцыйна наладжваюць гэтыя «ля-ля-ля». Трэба змагацца за правы працоўных.

У Беларусі свята працы было заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў сакавіку 1998 года. Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных адзначаюць больш як у 140 краінах. У яго аснове ляжаць падзеі 1 мая 1886 года, калі актывісты рабочага руху ЗША і Канады правялі серыю мітынгаў і дэманстрацый, патрабуючы ўвядзення васьмігадзіннага працоўнага дня.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pershamayu-treba-vyarnuts-pershapachatk/

01.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты