Навіны

Суды за акцыі на Першамай

 

Затрыманне ўдзельнікаў пікету ў Кіеўскім скверы 1 мая 2018 года. Фота: TUT.by

Адміністрацыйныя справы затрыманых на першамайскіх дэманстрацыях актывістаў разгледзіць 2 мая суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Стала вядома, што на афіцыйным мітынгу ў парку Перамогі былі затрыманыя актывісты “Народнай грамады" Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў, Андрэй Шыпулін, а таксама адзін з выпадковых удзельнікаў дэманстрацыі Сяргей Тарасенка.

Іх адвезлі у РУУС Цэнтральнага раёна, дзе пратрымалі 3 гадзіны. Пазней Спарыша, Троцкага і Шыпуліна адправілі да суду ў ІЧУ на Акрэсціна. Астатніх адпусцілі.

У той жа час на дазволеным мітынгу незалежных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы былі затрыманыя трое актывістаў анархісцкага руху на чале з Вячаславам Касінеравым. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне», за што былі папярэджаныя начальнікам мінскага АМАПу Дзмітрыем Балабой, а затым і арганізатарамі мітынгу.

Пад час сыходу з мітынгу іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Пазней стала вядома, што Вячаслава Касінерава разам з яшчэ адным удзельнікам пікету адпусцілі з РУУСа. Трэці маладзён, які хаваў свой твар пад маскай,  быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання. Верагодна, сёння адбудзецца суд над ім. Прозвішча затрыманага невядомае.

http://spring96.org/be/news/89797

02.05.2018

праваабарончыя сайты