Навіны

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2018

Высновы:

  • у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. Пры гэтым у дачыненні да М. Жамчужнага працягвае аказвацца ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы;
  • працягваецца крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка;
  • 16 красавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой, у прыватнасці, запатрабаваў ад уладаў краіны неадкладна вызваліць двух палітвязняў М. Жамчужнага і Д. Паліенку, а таксама аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязняў;
  • на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і ціску на блогераў і незалежных журналістаў;
  • 19 красавіка Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні былі прынятыя змены ў Закон аб СМІ, якія, на думку прадстаўнікоў незалежнай журналісцкай супольнасці і праваабаронцаў, яшчэ больш ўзмоцняць кантроль улады над незалежнымі СМІ, а таксама інтэрнэт-сферай;
  • 26 красавіка ў Мінску прайшло традыцыйнае шэсце апазіцыі «Чарнобыльскі шлях». Акцыя была санкцыянаваная Мінгарвыканкамам і прайшла без здарэнняў і затрыманняў;
  • 7 красавіка Мінюст у сёмы раз адмовіў у рэгістрацыі партыі БХД. Прычыны адмовы ніякім чынам не звязаны з дапушчальнымі абмежаваннямі, сфармуляванымі ў арт. 22 МПГПП, і з'яўляюцца парушэннем права заснавальнікаў на свабоду асацыяцыяў;
  • 31 сакавіка пастановай Саўміна Беларусі было зацверджана прыкладнае палажэнне аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці краіны выклікала права камісій, якія ствараюцца пры мясцовых выканкамах, прымаць рашэнні аб накіраванні працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі;
  • такім чынам, у красавіку не было зафіксавана істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка.

У дачыненні да М. Жамчужнага працягвае аказвацца ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы.

Так, Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што 10 красавіка адміністрацыя калоніі № 9 у г. Горкі вынесла палітвязню М. Жамчужнаму чарговае — ужо дваццаць сёмае — спагнанне ў выглядзе двух месяцаў зняволення ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

Акрамя таго, М. Жамчужны атрымаў ад начальніка калоніі адказ на заяву з просьбай аб пераводзе яго для далейшага адбыцця пакарання ў іншую калонію, пададзеную 23 сакавіка. У пераводзе ў іншую калонію палітвязню было адмоўлена. Раней Дэпартамэнт выканання пакаранняў, куды палітвязень звяртаўся з просьбай аб пераводзе ў іншую калонію яшчэ ў лютым, паказаў, што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі начальніка калоніі.

Таксама, ПЦ «Вясна» стала вядома, што Д. Паліенку з бальнічнага аддзялення ў жодзінскай турме № 9 перавялі ў бабруйскую папраўчую калонію, дзе ён адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Між тым, 16 красавіка ў Страсбургу Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі і заклікаў улады краіны выконваць правы чалавека, а таксама вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.

Адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка запалохвання і пераследу грамадзянскіх і апазіцыйных актывістаў, палітыкаў і журналістаў.

Еўрапарламент заклікае ўлады неадкладна вызваліць двух беларускіх палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку, а таксама аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязняў.

4 красавіка суд Маскоўскага раёна г. Мінска вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні пазову чатырох былых фігурантаў спыненай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў да Міністэрства фінансаў. Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў прасілі кампенсаваць маральную шкоду, якую яны атрымалі ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

ААН паведамляе, што члены Камітэта па правах чалавека прызналі, што былы кандыдат у прэзідэнты, асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў 2011, Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаныя яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выказвання меркаванняў і на мірныя сходы. Падчас турэмнага зняволення ён падвяргаўся катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання.

У заяве камітэта адзначаецца, што права на мірныя сходы з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека і важнай умовай існавання дэмакратычнага грамадства: гэта права прадугледжвае магчымасць арганізоўваць мірныя сходы ў грамадскіх месцах нават без папярэджання і ўдзельнічаць у іх.

Сябры Камітэта заклікалі Мінск правесці дбайнае бесстаронняе расследаванне абвінавачванняў у катаваннях і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці. Яны таксама заявілі аб неабходнасці пагасіць судзімасць Саннікава і даць яму кампенсацыю. Беларусь павінна таксама прыняць меры для папярэджання падобных парушэнняў. Эксперты са шкадаваннем адзначылі, што, нягледзячы на ​​абавязак краін супрацоўнічаць з Камітэтам, Беларусь не прыняла ніякага ўдзелу ў разглядзе справы Саннікава.

Свабода асацыяцый

7 красавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі ў сёмы раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Адпаведны адказ з ведамства атрымала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Сярод падставаў для адмовы ў рэгістрацыі — адсутнасць хатніх і працоўных нумароў тэлефонаў некалькіх заснавальнікаў. Акрамя таго, улады палічылі прычынай для адмовы памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў і іншыя нязначныя памылкі, якія, на думку ПЦ “Вясна”, ніякім чынам не з'яўляюцца дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў, сфармуляванымі у арт. 22 МПГПП.

25 красавіка на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ ў Страсбургу старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч заявіў, што вядзецца дыскусія аб мэтазгоднасці выключэння з Крымінальнага кодэкса адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ці палітычных партый (арт. 193-1).

Варта адзначыць, што праваабарончая супольнасць на працягу многіх гадоў патрабуе ад уладаў краіны дэкрыміналізаваць дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый і разглядае гэта як адну з першачарговых мер аднаўленчага характару.

Пачынаючы з 2006 па 2008 год вядома аб сямнаццаці выпадках асуджэння грамадзян па арт. 193-1 КК, з іх пяць выпадкаў асуджэнняў да пазбаўлення волі тэрмінам ад шасці месяцаў да двух гадоў. З 2008 года суды не выносілі прысудаў па дадзеным артыкуле, але ён працягваў выкарыстоўвацца ў якасці ціску на актывістаў грамадзянскай супольнасці; органамі пракуратуры неаднаразова выносіліся афіцыйныя папярэджанні аб магчымасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.

У 2011 годзе афіцыйнае пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці ажыццяўлення дзейнасці ад імя незарэгістраванага аб'яднання Праваабарончы цэнтр "Вясна" пад пагрозай пераследу паводле арт. 193-1 КК было вынесена Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь на адрас старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага.

У Віцебску група грамадзян, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі, праводзілі сустрэчы, абмяркоўваючы, па словах аднаго з удзельнікаў гурта, “пытанні сэнсу жыцця і космасу” ў прыватнай кватэры. Улады ўгледзелі ў гэтым парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і суддзя Віцебскага раённага суда Міхаіл Зубеня аштрафаваў арганізатара сходу на 20 базавых велічыняў — 490 рублёў — і вынес папярэджанне астатнім семярым сябрам групы.

Ціск на праваабаронцаў

13 красавіка валанцёрку ПЦ "Вясна" і назіральніцу Таццяну Мастыкіну на апытанне выклікаў следчы Упраўлення Следчага камітэта па Савецкім раёне г. Мінска Вадзім Калеснік па факце яе незаконнага дактыласкапавання і фатаграфавання з ўжываннем супрацоўнікамі міліцыі грубай фізічнай сілы.

Раней назіральніца звярнулася са скаргай у СК, у якой паказала на парушэнне яе правоў супрацоўнікамі Савецкага РУУС і прасіла правесці праверку законнасці затрымання, праведзеных адбору адбіткаў пальцаў, фота- і відэарэгістрацыі да прызнання яе судом асобай, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне.

На апытанні яна падрабязна распавяла следчаму, як развіваліся падзеі ў той дзень, як праходзіла затрыманне і што з ёй адбывалася ў РУУС.

Смяротнае пакаранне

18 красавіка ў Мінску прайшоў круглы стол “Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь”. У мерапрыемстве, арганізаваным Саветам Еўропы, акрамя дэпутатаў парламента, удзельнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у тым ліку і Праваабарончага цэнтра "Вясна".

У Вярхоўным судзе Беларусі на 29 траўня прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава. Як паведамляе каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, судовае пасяджэнне пачнецца ў 9:30.

Парушэнне права на мірныя сходы

У Беларусі працягвае парушацца права на мірныя сходы: дазвольны парадак правядзення дае магчымасць мясцовым уладам адвольна адмаўляць у іх правядзенні, а ажыццяўленне свайго права без атрымання дазволу цягне буйныя штрафы або адміністрацыйны арышт.

Маладзечанскі райвыканкам 18 красавіка адмовіў мясцовым актывістам у заяўцы на правядзенне пікету, прымеркаванага да чарговай, 32-й, гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Забарону райвыканкам абгрунтаваў тым, што масавае мерапрыемства было заяўлена не ў пастаянным месцы яго правядзення, якім з'яўляецца пляцоўка перад амфітэатрам у парку культуры і адпачынку імя Перамогі ў г. Маладзечна.

На працягу месяца былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці Алесь Таўстыка, Вячаслаў Касінераў і Пётр Маркелаў — удзельнікі мірнай акцыі за дэкрыміналізацыю малых колькасцяў кантраляваных рэчываў, якая адбылася ў Мінску 3 красавіка.

Актывіст партыі БХД Раман Ганчароў і блогер Эдуард Пальчыс завяршылі спіс удзельнікаў збору подпісаў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі, якіх суды Мінска пакаралі штрафамі.

За правядзенне мірнага пікету з патрабаваннем вызваліць асуджаных, у тым ліку прызнаных палітзняволенымі Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку, затрыманыя і пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі.

Парушэнне свабоды слова. Пераслед журналістаў

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні змяненні ў “Закон аб СМІ”, якія абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце. Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" заклікала беларускія ўлады перагледзець драконаўскія папраўкі ў закон аб СМІ, якія выклікаюць глыбокую заклапочанасць, і прыняць да ўвагі прапановы з боку медыйнай супольнасці.

Карэспандэнтку "Белсата" Вольгу Чайчыц і аператара Андрэя Козела ў чарговы раз пакараліштрафам за працу ў інтарэсах незалежнага тэлеканала без акрэдытацыі. Па інфармацыі тэлеканала, суддзя Карэліцкага раённага суда Ірына Каско аштрафавала журналістаў па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб СМІ) на 40 базавых велічынь кожнага (980 рублёў).

У Глыбокім за гэта ж пакараны штрафам у 35 базавых велічынь журналіст-фрылансер Зміцер Лупач.

Жорсткае абыходжанне

19 красавіка 17-гадовага актывіста анархісцкага руху Фёдара Бабанава затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК ў якасці падазраванага па справе аб распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Пры гэтым міліцыянтаў цікавіла хутчэй не відэа, якое знаходзіцца на яго старонцы “ВКонтакте”, а актыўнасць хлопца ў анархісцкім руху, яго сувязі і прыватнае жыццё. Фёдар, які пасля трохсутачнага арышту знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, распавёў ПЦ "Вясна" аб псіхалагічным ціску, які на аказвалі міліцыянты падчас яго затрымання і зняволення.

Артур Жураў звярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў Савецкага РУУС, якія пасля яго затрымання за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці на Дзень Волі адвольна ўтрымлівалі ў РУУС, не давалі магчымасці прыняць лекі і папіць вады, груба парушалі працэсуальныя правы затрыманага.

На 63-й сесіі Камітэта ААН супраць катаванняў у Жэневе (Швейцарыя) афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прадставіла свой перыядычны даклад у рамках пятага цыкла. Альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны пры падтрымцы Freedom House і FIDH, прадставілі і беларускія праваабаронцы — юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка, старшыня "Прававой ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў і старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

Сацыяльныя і эканамічныя правы. Прымусовая праца

31 сакавіка пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 240 было зацверджана прыкладнае Палажэнне «Аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва». Гэтая пастанова, прынятая ў мэтах выканання норм Дэкрэта прэзідэнта № 3 ад 2015/04/04 г., устанавіла парадак стварэння і дзейнасці пастаянна дзеючых камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва пры раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтах (раённых адміністрацыях).

Акрамя ўсяго іншага, да кампетэнцыі камісій, у адпаведнасці з п. 5 Палажэння, будзе адносіцца прыняцце рашэнняў аб накіраванні працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Гэты пункт Палажэння выклікае асаблівую занепакоенасць беларускай праваабарончай супольнасці, якая разглядае існуючую ў краіне сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў і практыку нкіравання ў іх асоб, якія пакутуюць на алкагалізм, як адну з формаў прымусовай працы і недапушчальнае пазбаўленне волі, не звязанае з учыненнем якіх-небудзь крымінальна караных дзеянняў.

Па афіцыйных статыстычных даных МУС, штогод у ЛПП накіроўваецца каля сямі тысяч грамадзян (у 2017 годзе — 7,462 чалавекі). Прымяненне на практыцы пазасудовага парадку накіравання грамадзян у ЛПП у адпаведнасці з прынятым Саўмінам Палажэннем прывядзе да яшчэ большага росту колькасці асоб, ізаляваных у ЛПП.

http://spring96.org/be/news/89813

03.05.2018

праваабарончыя сайты