Навіны

Між іншым

Даўно не глядзеў выступ кіраўніка Беларусі, які называецца Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. А гэтым разам інтуіцыя падказала, што трэба глянуць. І не толькі таму, што гэтай прамовай мусіць зацікавіцца кніга рэкордаў Гінеса, бо наўрад ці яшчэ які кіраўнік, каторы афіцыйна носіць тытул прэзідэнта, ажно столькі разоў прамаўляў сваё штогадовае пасланне. А больш таму, што гэтым разам яно кардынальна адрознівалася ад ранейшых, і аніякага пачуцця дэжавю, як мінулыя разы, я не адчуў.

А розніца з былымі пасланнямі была відавочнай яшчэ задоўга да пачатку цяперашняга. Яго нават не рэкламавалі так, як тыя. Інфармацыю пра гэты выступ начальніка краіны, калі параўнаць з ранейшымі, можна назваць нечакана сціплай. З яе мы даведаліся, што трансляваць пасланне будуць усяго толькі тэлеканалы “Беларусь-1” і “Беларусь-24”. Ну і яшчэ радыё. Для краіны з такім ладам як наша, гэта вышыня сціпласці. Мы з часоў СССР прызвычаіліся да таго, што выступ кіраўніка краіны “транслююць усе радыёстанцыі Савецкага Саюзу”. Беларусь мінулых гадоў не была выключэннем. А тут такая нечаканасць. 

У чым жа справа? Відаць не для шырокай публікі гэты выступ, хоць і называецца для народа і парламента. Напэўна, ён для канкрэтных кропкавых адрасатаў, якія шырокай аўдыторыяй “Беларусь-1” і блізка не з’яўляюцца. А можа і не ведаюць пра існаванне такога тэлевізійнага цуду. І змест прамовы гэта ўскосна пацвярджае. Канешне гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, але глядзіце самі. Ну як можна па іншаму ўспрыняць разважанні ў сувязі з падзеямі ў Арменіі, дзе выступоўца адказнасць не столькі за цяперашнія армянскія падзеі, але за ранейшую вымушаную неабходнасць армянскім урадам падвысіць кошты на газ звязвае з калектыўным, і нават з канкрэтна расейскім пралікам. Маўляў, трэба лепш Расеі думаць пра суседзяў, а то нас “у лепшым выпадку павыдзіраюць з гэтага саюзу”.

Дарэчы, не толькі пра адказнасць за сітуацыю ў Арменіі праслізнулі папрокі ў бок Расеі. Звязана гэта з гандлёвымі войнамі, дзе беларускія тавары пачалі штучна выцясняцца з расейскага рынку, ці з значна большым букетам прэтэнзій, гэта не важна. Пасланне пайшло да свайго адрасата. І хай ён думае, як сябе паводзіць з сваімі хаўруснікамі. Бо ў іх яшчэ ёсць выбар. Ды і сумневы пра атамную станцыю, што “кіраўніку краіны яшчэ па сённяшні дзень так даходліва і не растлумачылі, як яна ўладуецца ў нашу эканоміку”, таксама пасланні на вонкі. Думаю ва ўсе бакі.

Для Еўропы, Амерыкі і іншага цывілізаванага свету было задэкляравана, што Беларусі не патрэбна глабальная палітыка. Вось так вось! Больш не патрэбная! Ад нас, маўляў, будуць зыходзіць выключна мірныя ініцыятывы. І як бы ў дадатак прагучалі ці то сцверджанні, ці то пажаданні, што каляровыя, ці якія яшчэ там рэвалюцыі, нам таксама вельмі не патрэбныя. Выглядае ўсё як прапанова баш на баш. Вы, маўляў, да нас не лезьце з сваёй дэмакратыяй, а мы вам не будзем псаваць настрой. Хай разумеюць як хочуць. А ў пацвярджэнне міралюбівасці прагучала наша пазіцыя па Сірыі, дзе былі пакрыты сорамам усе. Маўляў, вымятайцеся адтуль да аднаго. Дайце сірыйцам ужо адпачыць ад вас.

Беларускія чыноўнікі таксама пачулі пару слоў у свой бок. Ім яшчэ раз прапанавана добра падумаць перш чым што зрабіць не так. А вось пра тое, што кіраўнік Беларусі ні пра якія рэферэндумы і змены ў Канстытуцыю нават не думаў, не ведаю для каго было сказана. Ну не для апазіцыі ж! З якога ражна з ёй пачынаюць лічыцца?! Наўрад ці падзеі ў Арменіі маглі так паўплываць. Хутчэй за ўсё гэта таксама для Захаду.

Словам, усе адрасаты атрымалі прадуманыя і ўзважаныя пасылы.

А, між іншым, што ж было для народа?! Бо і пра пагрозы ледзяной вайны, і пра шматвектарнасць, і пра глабальныя гандлёвыя войны, і пра эскалацыю напругі, і пра праблемы з бліжэйшымі саюзнікамі, яму, народу, ўжо хіба што не зусім зразумела і зусім не цікава. Ці скажам, а што для парламента? А вось парламентарыі прысутнічалі. Спатрэбіліся і тут. Сядзелі, слухалі, пагаджаліся… У густоўна аздобленай залі. А як інакш. Для такога прадуманага і ўзважанага паслання патрэбныя адпаведныя дэкарацыі.

Віктар Сазонаў


04.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты