Навіны

Працягваецца галадоўка актывістак „Матчынага руху 328”

У Калінкавічах (Гомельская вобласць) і Пухавічах (Менская вобласць) адзінаццаты дзень доўжыцца галадоўка актывістак „Матчынага руху 328”.

Стан здароўя жанчын пагаршаецца, паведаміла БелаПАН ініцыятарка галадоўкі ў Калінкавічах Таццяна Канеўская: „Цяжка. Слабасць, вядома. Ужо на вуліцу выходзім з цяжкасцю. Мы слабеем, але не духам”. Паводле яе слоў, маці чакаюць адказу з Адміністрацыі прэзідэнта, які ім абяцала даць кіраўнік ведамства Наталля Качанава. „Магчыма, у панядзелак-аўторак будзе адказ, мы на гэта спадзяемся. Інакш грош цана ў базарны дзень іх абяцанням. Хоць Качанава заклікала нас: паверце мне!” — расказала Канеўская.

5 траўня галадоўнікаў у Калінкавічах чарговы раз наведаў старшыня Калінкавіцкага райсавета Віктар Замосцік. Ён цікавіўся здароўем жанчын, доўга размаўляў з імі. „Віктар Іванавіч мог быць прыкладам чыноўніка. Размаўляе з намі сумленна, адкрыта, прыходзіць, пытаецца, клапоціцца”, — заўважыла Канеўская. Яна паведаміла, што ўчора ў іх былі медыкі — вымяралі ціск, узровень глюкозы.

Актывісткі падрыхтавалі абвяржэнне артыкула, які выйшаў у „Гомельской правде”, і накіруюць яго галоўнаму рэдактару. Жанчыны, паводле іх слоў, шакаваныя падачай матэрыялу ў дзяржаўным выданні, дзе іх паказалі як маці наркадылераў, перакруцілі факты. „Але мы будзем супрацьстаяць хлусні і абывацелям, якія вераць такім артыкулам”, — адзначылі актывісткі.

7 траўня ў 16.00 актывісты „Матчынага руху 328”, якія не ўдзельнічаюць у галадоўцы, маюць намер наведаць Адміністрацыю прэзідэнта з лістом падтрымкі галадоўнікаў і паспрабаваць атрымаць адказ аб тым, што зроблена пасля сустрэчы з Качанавай 2 мая.

Нагадаем, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава дала даручэнне „актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які ўтрымлівае змяненні і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства”, паведаміў пасля сустрэчы 2 траўня з актывісткамі „Матчынага руху 328” начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч у інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия”. Паводле яго слоў, дакумент будзе „максімальна аператыўна, наколькі гэта магчыма, пададзены на разгляд парламентарыяў”.


07.05.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты