Навіны

Бульба ― справа гонару і сораму

За намі доўгі, адпачынкавы майскі тыдзень. Ну, хіба зразумелая ўсім справа, што каб хтосьці мог адпачываць, нехта другі мусіць працаваць. Адвечная праўда зямной тузаніны, а таксама эканамічных гонак міру. Ад вышэйсказанага ёсць адно адступленне выключна культуралагічнацывілізацыйнай натуры і кранае яно нас, беларусаў, асабліва на Падляшшы. Гэтая з’ява ўжо амаль сакральнага характару і мае сваё імя, якое завецца першамайскай пасадкай бульбы. Так як маем штогадовы цыкл абрадаварэлігійных святаў, то ў сэнсе генетычнай сялянскай спадкаемнасці гэтая дата таксама значыцца чырвоным колерам у сямейных календарах аўтахтонаў Беласточчыны. Вядома, аднак, што ў працоўным сэнсе з гноем і бульбай. З асабістага панадворка добра ведаю, што многія мае сябры і сяброўкі надалей у гэты дзень займаюцца на бульбяных загонах і агародах. Ад зямлі і дзедаўскай ды бацькоўскай спадчыны нікуды не ўцячы.

Таму едуць гарадскія, папанелыя выхадцы ўжо не за паршуком, якіх звяла дзяржава ў нашых вёсках, але паўдзельнічаць у абрадзе адчування зямлі пад нагамі і нябеснага космасу па-над галовамі. Едуць не толькі з усіх гарадоў Беласточчыны, але і розных куткоў Польшчы, каб стаць на зважай перад генетычным выклікам. Некаторым нават прыходзіцца, заціснуўшы зубы, працаваць з рознымі траўмамі і хваробамі. На ўласныя вочы бачыў я нават людзей з гіпсам на руках і нагах, якія накідвалі бульбу з кошыкаў, або кіравалі трактарамі адной рукой, ці адной нагой, не гаворачы пра сеніёраў роду, якія ад цяжару нават перакульваліся на сваім полі. Пасля такой экспедыцыі большасць з іх цудоўна не здаравее, але, наадварот, тэмпаў набіраюць большыя і новыя болі і хваробы ў кожнай часцінцы цела. Але традыцыя ёсць традыцыяй і пакуль яна жыве, дык няхай трымаецца дзеля будучыні і нераззлавання нашых бацькоў.

У гэтым годзе я таксама атрымаў маўклівы выгавар з боку бацькі, што не з’явіўся на рытуальнае свята. Хаця было каму і пасадзіць бульбу, і закласці агарод, то аднак сямейная пляменнасць абавязвае ўсіх быць тады разам, нягледзячы на іншыя абавязкі. Бо як жа ж гэта выглядае перад аднавяскоўцамі! Хаця, як у маім выпадку, няма ўжо тых аднавяскоўцаў і няма аніякай суседскай гонкі ў гэтай справе. Як распавяла мая сяброўка, гэта яна з сёстрамі атрымала ў гэтым годзе матчыны выгавар, што суседскія дзеці больш працавітыя, бо ўжо справіліся з работай пры закладанні агарода, а яны яшчэ не. Добра, што прынамсі брат спраўна пасадзіў бульбу машынай, кажа яна, а то і тут яшчэ б атрымалі некалькі слоў па вушах. Гэта і так вялікі прагрэс садзіць ці капаць бульбу трактарам і машынамі. Бацька аднаго майго знаёмага прызнаваў у гэтай справе толькі каня і плуг. А калі сам не быў у змозе гадаваць каня, то карыстаўся суседскімі паслугамі. Аднак і калі суседзі звялі коней, то збіраў сваю радню, каб рыдлёўкамі капалі зямлю і так здзейснілі першамайскі рытуал. Чарговы мой знаёмы амаль са слязамі прасіў знямоглых бацькоў, каб перасталі садзіць бульбу, бо ён сам жыў звыш трыста кіламетраў ад роднай хаты, а, маючы адказную пасаду, не мог спраўляцца не толькі з пасадкай бульбы, але і з яе даглядам ці капаннем. Абяцаў, што будзе купляць ім самую экалагічную і смачную картофлю ды не ад суседзяў, толькі будзе яе прывозіць з іншых вёсак ці рэгіёнаў, каб яны не саромелася гэтага факту перад суседзямі. У адказ заўсёды чуў з іх боку адзін папрок: «Ты пра нас не памятаеш». Адным словам, бульба ― справа гонару і сораму для нашага сялянскага роду. Таксама не менш важнай з’яўляецца справа калектыўнапатрыярхальнага ладу жыцця, у якім сямейная ўзаемадапамога гэта зарука поспеху і ўзбагачэння. Толькі талака давала абарону і шанц справіцца з безліччу спраў і абавязкаў перад дзяржавай, недахопам грошай, ці выклікамі натуральнай гаспадаркі. «Адзін у полі не воін», ― паўтаралі здаўна. Адна бульбіна, укінутая ў зямлю, пракарміла не раз і не адну сям’ю.

Яўген ВАПА

09.05.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты