Навіны

Поза Ромберга па-смаргоньску альбо незаконныя дзянні службовых асобаў

ПАДЗЕІ У ПАРКУ І РАУС

Жыхар Смаргоні спадар А. пасля адзначэння ў кафэ дня народзінаў бацькі вяртаўся ў зімовы час а 3-й гадзіне дадому праз бязлюдны гарадскі парк.

Але так здарылася, што на яго ў РАУС паступіла, як пазней высветлілася, беспадстаўная заява праз тэлефон аб збіцці. Зразумела, міліцыя адрэагавала і яе супрацоўнікі акурат у парку дагналі грамадзяніна А. і выказалі патрабаванне праехаць з імі ў РАУС для высвятлення абставін. Ну а паколькі А. нікога не чапаў, то прасіў супрацоўнікаў міліцыі паведаміць, хто тэлефанаваў у РАУС пра нібыта здзейсненае ім правапарушэнне і выказаў гатовасць пачакаць на месцы, пакуль супрацоўнікі даставяць да яго  чалавека, які зрабіў тое тэлефанаванне. Гэтую просьбу можна было выканаць за 3-5 хвілін, бо той чалавек знаходзіўся каля ўваходу ў парк.

Супрацоўнікі ж міліцыі вырашылі, што высвятленне на месцы абставінаў мяркуемага правапарушэння, як кажуць, не “царская справа”, а з роту грамадзяніна адчуваўся пах алкаголю, таму сталі настойваць на сваім патрабаванні – ехаць у РАУС. Упартасць затрыманага яны вырашылі пераадолець з выкарыстаннем  балончыка з слёзацечным газам. Як яны яго выкарыстоўвалі, пакуль застаецца загадкай. Сцвярджаюць, што пырснулі ў вочы грамадзяніну адзін раз, павалілі долу, заламалі за спіной рукі і зафіксавалі кайданкамі. А вось грамадзянін А. сцвярджае, што пырснулі раз, павалілі, сцялі за спіной рукі кайданкамі і шчодра яшчэ раз  папырскалі у вочы «пярцоўкай». Ды напырскалі так, што ён   атрымаў хімічны апёк вачэй.

Спадар А. аксама сцвярджае, што пасля гэтага міліцыянты яму, ляжачаму,  «параўнялі» берцамі хрыбет і іншыя ўчасткі цела, ды павезлі ў РАУС для высвятлення асобы і  абставінаў.  

Ну а чалавек, які зрабіў ілжывае паведамленне пра збіццё яго грамадзянінам А., міліцыянтаў чамусьці ўжо не цікавіў – яго пакінулі каля парку. Як без яго можна было нешта аператыўна высветліць, таксама застаецца загадкай.

У РАУС вырашылі, што паколькі грамадзянін А. нікога не біў, а гвалтоўнае затрыманне, відавочна, трэба нечым апраўдаць, то вырашылі прыцягнуць яго да адказанасці за  з'яўленне ў начным зімовым  бязлюдным парку (грамадскае ж месца!) у стане алкагольнага ап'янення.  Таму, не здымаючы кайданкаў,  павезлі з РАУС ў шпіталь на  медасведчанне. На скаргі ж затрыманага на боль у вачах, недахоп паветра для дыхання не рэагавалі, хоць паводле закону абавязаны былі аказаць неадкладную дапамогу.

ПАДЗЕІ  Ў МЕДЫЧНАЙ УСТАНОВЕ

Дзяжурны доктар апёку каньюнктывы вачэй не заўважыў. Гэтую памылку можна спісаць на тое, што ён быў не спецыяліст па вачах – хірург усё ж. А вось праз гадзіну фельчар (!) хуткай дапамогі, якую пасля вяртання дадому выклікаў грамадзянін А., канстатаваў хімічны апёк вачэй. Правільнасць гэтага дыягназу пазней пацвердзіў і эксперт. Такім чынам,  медыцынская дапамога грамадзяніну была аказана толькі праз дзве гадзіны пасля апёку вачэй слезацечным газам. Яшчэ добра, што чалавек не застаўся сляпым.

Лекар жа, які праводзіў медаасведчанне, па выдыху затрыманага ў адпаведны прыбор канстатаваў фактычна межавы стан паміж  ап'яненнем і яго адсутнасцю,  бо перавышэнне канцэнтрацыі алкаголю, якое давала падставу канстатаваць ап'яненне, склала пяць сотых адзінкі (1,55 праміле пры мяжы 1,5). Такі стан не дае падставаў лічыць чалавека п'яным. Для канчатковага вырашэння пытання  доктар павінен ставіць чалавека ў позу Ромберга (стаянне з выцягнутымі ўперад рукамі ў мэтах высвятлення ўстойлівасці). І тут смаргонскі доктар паказаў узор эквілібрыстыкі: чалавека з хімічным апекам вачэй, рукі якога сцяты за спіной кайданкамі, прымудрыўся ўсё ж паставіць у гэту позу. Пра гэта сведчыць запіс  у акце асведчання аб тым, што ў  позе Ромберга грамадзянін А. нязначна пахістваецца. І канстатаваў стан ап'янення, хаця пазначыў, што на пытанні абследаваны адказваў выразна.

Цікава, што форма акту асведчання прадугледжвае подпіс грамадзяніна аб азнаямленні. Але доктар нават не прасіў супрацоўнікаў міліцыі зняць у затрыманага кайданкі для подпісу. Ён проста канстатаваў у акце: падпісаць не можа, бо рукі ў кайданках.

Абуральна, што легітымнасць такога акта не ставілася пад сумніў ні доктарам, ні прысутнымі міліцыянтамі. Таму ёсць падставы меркаваць, што  грамадзянін А. не першы з затрыманых, рукі якіх былі у кайданках за спіной, якія з лёгкай рукі дактароў праходзілі  тэст «поза Ромберга».

Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама, куды звяртаўся грамадзянін А., у дзеяннях доктароў не знайшло парушэнняў. У лісце ад 20 красавіка 2018 г. №01-11\3-180,180-1 за подпісам начальніка спадара Стрыжака А.А. паведамляецца:  тэст «Поза Ромберга» праведзены не ў поўным аб'ёме па прычыне наяўнасці кайданкаў, а таму гэта не парушэнне, а «недахопы доктара ў апісанні аб'ектыўнага статуса», якія не паўплывалі на высновы.

Вось толькі цікава, у якім медычным падручніку гаворыцца, што тэст «поза Ромберга» можа быць частковым, без выцягнутых уперад рук? А як бы выглядаў у  разуменні медычных чыноўнікаў частковы замер тэмпературы цела ці выкананае не ў поўнай меры  выдаленне апендыксу?  Відавочна, абласную медычную інстанцыю не цікавіла, чаму доктар  у акце асведчання пазначыў, што грамадзянін А. усё ж цалкам прайшоў тэст. Гэта ж, відавочна, з'яўляецца фальсіфікацыяй, а не памылкай ў «апісанні аб'ектыўнага статуса».

ВЫНІКІ І ВЫСНОВЫ

Якія ж наступствы гэтага затрымання для грамадзяніна А.? Разбіты  нос, хімічны апёк вачэй, сінякі на целе, боль у спіне, падраная куртка, прыцягванне да адміністрацыйнай адказнасці і наступнае вызваленне ад яе пасля пратэсту пракурора.  І поўная   адсутнасць вінаватых. Праведзеныя праверкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі канстатавалі іх законнасць. Трэба адзначыць, што вынікі гэтых праверак грамадзянін А. абскардзіў.   
Ён лічыць,  што яго неабгрунтаванае ўтрыманне больш гадзіны са сцятымі за спіной кайданкамі рукамі і наяўнасцю пры гэтым хімічнага апёку вачэй, неаказанне ў гэты перыяд медычнай дапамогі ёсць катаваннем, бо ён адчуваў боль і пакуты. Ягоную заяву па гэтым пытанні разглядаў мясцовы аддзел следчага камітэта. Але і ён парушэнняў не выявіў. Гэтую выснову грамадзянін А. таксама абскардзіў.

Мараль жа гэтай гісторыі ў тым, што пры затрыманні грамадзян супрацоўнікі міліцыі мусяць выконваць закон не фармальна, а з улікам абставінаў.  Вось у дадзеным выпадку паслухалі б яны пры затрыманні грамадзяніна А. і прывялі да яго мяркуема збітага ім чалавека, які знаходзіўся побач, ля ўваходу ў парк, задалі б абодвум адпаведныя пытанні, на што патрабавалася не больш 5 хвілін, то не было б канфлікту, не было б пашкоджання здароўя пры затрыманні, не было б задзейнічання да шматгадзінных праверак скаргаў не менш дзясятка супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў сістэмы аховы здароўя, не з'явілася б у грамадстве яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку грамадзянін А. і яго маці, якія перасталі давяраць міліцыі.

Ну а дактарам трэба прафесійна выконваць свае абавязкі незалежна ад таго, які перад імі грамадзянін: звычайны ці падазраваны ў правапарушэнні, у кайданках ён ці не.

11.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты