Навіны

Доўгі шлях паўстанца. 185 гадоў з дня нараджэння Бенядыкта Дыбоўскага

Выдатны навуковец і патрыёт свайго краю Бенядыкт Дыбоўскі нарадзіўся 12 траўня 1833 года ў фальварку Адамарын паблізу вёскі Дубрава (Маладэчанскі раён). Бацька працаваў аканомам у маёнтку Адама Хмары, а маці паходзіла з заможнага роду Пшысецкіх. Бацька быў актыўным удзельнікам паўстання 1830 году, выхаваў сыноў і дачок у патрыятычным духу. Усе сыны закончылі Дэрпцкі ўніверсітэт і заняліся навукай. Раней Бенядыкт закончыў Мінскую гімназію. Пра гэта сведчыць пастаўленая ў наш час шыльда на будынку мінскай гімназіі №2.

Яшчэ студэнтам займаўся даследаваннем рыб Прыбалтыкі. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаў ступень доктара медыцыны і хірургіі. Хацеў стаць выкладчыкам. Але за ўдзел у дуэлі секундантам і ў дэманстрацыі супраць расійскай улады ў 1857 годзе, у падпольных гуртках, быў выключаны з універсітэта без права паступлення ў любыя іншыя навучальныя ўстановы Расіі. Бенядыкт пераехаў жыць у Нямеччыну, дзе вывучаў эмбрыялогію насякомых на кафедры Берлінскага і Уроцлаўскага ўніверсітэтаў. Там жа ён абараніў дысертацыю. У 1862 годзе становіцца прафесарам заалогіі і параўнальнай анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. З пачаткам паўстання вяртаецца на радзіму і бярэ актыўны ўдзел у ім, займае кіроўныя пасады на Віленшчыне. У час паўстання быў затрыманы і асуджаны спярша да павешання, а пасля да дванаццацігадовай высылкі ў Сібір.

Разам з лепшым сябрам Віктарам Гадлеўскім Бенедыкт Дыбоўскі даследавалі возера Байкал і раку Амур цягам усяго тэрміна зняволення. Яны першыя правялі даследаванне глыбіні Байкала, сабралі багатыя малюнкі рыб Амура, Інгады і іншых рэк Забайкалля, збіралі лекавыя расліны, займаліся вывучэннем ракі Ангара і возера Касагол.

Пасля вяртання на радзіму ў 1876-ым іх чакала слава даследчыкаў Сібіры. Увосень 1877-га Дыбоўскі прыехаў у Варшаву. Ён жыў сваёй навуковай дзейнасцю, адкрыццямі і не мог проста так пакінуць няскончанай шматгадовую даследчую працу Сібіры.

У чэрвені 1879 года за свае грошы ён прыязджае ў Петрапаўлаўск-Камчацкі, дзе працуе доктарам і адначасна займаецца даследаваннем фаўны краю. У 1883-ім па запрашэнні Львоўскага ўніверсітэта, пераяджае ва Украіну. З сабой з Камчаткі Дыбоўскі перавозіў скарб усяго жыцця – разнастайную калекцыю вагой 116 цэнтнераў! Праз 20 гадоў пасля ад’езду з Камчаткі яму даслалі падарунак у Львоў – поўны шкілет марской каровы датаваны XVIII ст., пошук якой ён вёў на Камчатцы і так і не знайшоў.

У Львове ва ўніверсітэце Бенядыкт працуе кіраўніком кафедры заалогіі, стварае музей.

Але здарыўся канфлікт Дыбоўскага з кіраўніцтвам з-за прыхільнага стаўлення прафесара да тэорыі Дарвіна і 73-гадовага вучонага выпхнулі на пенсію. Дыбоўскі вяртаецца на радзіму, у Беларусь, у маёнтак сястры ў Войнава. Пачынаецца Першая сусветная вайна, і паколькі Львоў раней знаходзіўся на тэрыторыі Аўстра-Венгрыі, а Дыбоўскі быў аўстрыйскім падданым, прафесара высылаюць зноўку ў Іркуцк.

Пасля заступніцтва Пецярбургскай Акадэміі Навук і Імператарскага геаграфічнага таварыства Дыбоўскі вяртаецца назад у Войнава. Пасля таго як тэрыторыя Беларусі была цалкам занятая нямецкімі войскамі, ён атрымаў дазвол на вяртанне ў Львоў.

Пражыў Бенедыкт Дыбоўскі 96 гадоў, памёр ён 31 студзеня 1930 года. Пасля смерці быў пахаваны на Лычакоўскіх могілках Львова ў някропалі паўстанцаў 1863 года.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

11.05.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты