Навіны

У Менску прэзентуюць законапраект аб бел-чырвона-белым сцягу

14 траўня пройдзе прэзентацыя законапраекта аб выкарыстанні і ахове бела-чырвона-белага сцяга — першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Пра гэта ў facebook паведаміў грамадскі актывіст Павел Белавус. 

А 18-й гадзіне ў кангрэс-холе гатэля «Вікторыя» (пр-т Пераможцаў, д. 59) адбудзецца публічная прэзентацыя законапраекта, які рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы бела-чырвона-белага сцяга — дзяржаўнага сімвала Рэспублікі Беларусь у перыяд з 19 верасня 1991 года па 6 чэрвеня 1995 года.

У межах прэзентацыі запланаваныя музычны выступ Лявона Вольскага, а таксама прамовы Алега Трусава, Лявона Баршчэўскага, Змітра Дашкевіча, Ганны Канапацкай, Aлены Анісім, Станіслава Шушкевіча, Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавальковай, Аляксандра Кур’яновіча, Паўла Белавуса.

Стварэнне гэтага законапраекта і праца па яго зацвярджэнні — працяг шматгадовай кампаніі аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці бела-чырвона-беламу сцягу, якую праводзілі «Арт Сядзіба», Зміцер Дашкевіч, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і іншыя актывісты ды арганізацыі.

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/u-mensku-prezentuyuts-zakonapraekt-ab/

14.05.2018

праваабарончыя сайты