Навіны

Ля нулявога кіламетра

Няма ў Гародні аніякага помніка Леніну. І ў Беларусі няма аніводнага. І што самае галоўнае, ніколі і не было. Ну я пасля растлумачу сваю думку наконт гэтага, на першы погляд дзівакаватага сцверджання. А зараз крыху па слядах апошніх падзей наконт збору подпісаў за знос, ці перанос, ці змену месца паркоўкі бронзавай выявы Уладзіміра Ільіча.  Ну хоць як гэта назаві, а сутнасць адна – ідзе збор подпісаў каб прыбраць манумент важака кастрычніцкага перавароту з цэнтральнай плошчы старадаўняга гораду над Нёманам.

– О! Вы з Гародні, – прыходзіцца даволі часта чуць захапляльны вокліч, калі незнаёмыя людзі даведваюцца што ты з гэтага слаўнага і старадаўняга гораду. – Гэта ж Гародня! Там у вас гісторыя на кожным кроку ахутвае сваім старадаўнім подыхам і даўніна распавядае сама пра сябе!

Вось такое ўражанне маюць іншагароднія пра Гародню. І не толькі беларусы. І па-праўдзе гаворачы, людзі шчыра вераць у тое, што ёсць так, як павінна быць. Ну а як жа інакш! Ну мусіць жа і на нашай шматпакутнай зямлі хоць дзе-небудзь, хоць у адным асобна ўзятым горадзе быць так, як быць павінна. Толькі ці ёсць яно так? Вось пытанне!

Калі пра гісторыю, то напэўна ёсць. Багатая гісторыя. Гісторыя мільярдэр, сказаў бы хтось на сённяшні лад. І не памыліўся б. Бо гісторыя Гародні значна багацейшая за цяперашні бюджэт не толькі абласнога цэнтру, але можа і ўсёй краіны. А можа і не адной. Ну гэта так, візуальны прыклад для вобразнасці ўспрымання гістарычнага багацця. І пра культурную спадчыну можна напісаць не менш маляўнічы сюжэт. І пра велічную баявую славу таксама. Чаго толькі варты ўспамін пра слаўныя дні БНР у Гародні. Сто год нядаўна святкавалі. А каралі, рыцары, мастакі, паэты, пісьменнікі, музыкі і іншы, можа менш вядомы, але не менш важны люд, дзякуючы якому горад і набыў прывабную рэпутацыю.

Ды вось у манументальнай архітэктуры ўсё гэтае багацце чамусьці не на першым месцы. І ясна чаму! Бо першае месца занятае. З якога кутка гораду не пойдзеш у старадаўні цэнтр, як рана ці позна ўпрэшся ў бронзавую постаць, якая тое першае месца і займае. Акурат ля гарвыканкама, аблвыканкама і нулявога кіламетра. З гэтага нулявога яна даўно не можа зрушыцца, і не дае зрушыцца нікому і нічому. Таму што гэта не помнік! Гэта сімвал!

Проста помнік, нават калі і не да месца пастаўлены, не змог бы перашкодзіць рухацца ні ідэям, ні эканоміцы, ні культуры, ні краіне ў патрэбным кірунку. Сімвал можа. Бо светам кіруюць менавіта сімвалы. І той, хто іх наставіў на беларускай зямлі, гэта добра ведаў. Таму і кажу, не помнікі гэта. Няма ў нас такіх помнікаў. А сімвалаў хоць салі.

Вось ён стаіць, дагледжаны, пры ўладзе і ахове, велічны сімвал чужой ідэалогіі. Смела глядзіць ён на горад, у якім ніколі не быў і помсціць кожнаму за любасць да свайго, за цягу да свабоды, за вольнадумства, за смеласць, за нежаданне быць скотам…

Ужо неаднойчы я пісаў пра гэта. Дык чаго паўтарацца? Можна ж напісанае раней прапанаваць. Дык чаму ж цяпер зноў не вытрымаў? Таму што цешуся. Вось некалі, пасля падобнага артыкулу да мяне і Уладзіміра Хільмановіча, з якім мы калісьці распачалі чарговую кампанію за знос гэтага манумента, падышлі маладыя гарадзенцы каб узяць інтэрв’ю як мы гэта рабілі. Нам крыўдна стала. А Хільмановіч нават не вытрымаў.

– А што, мы дамагліся ўжо свайго, што ўспаміны пісаць будзем?! – “Наехаў” ён на іх. – Пакуль няма чым хваліцца. А рабіць ёсць што. Вунь, асадкі маеце, ну то ідзіце да людзей і хаця б збірайце подпісы, пакуль апошні гарадзенец не падпішацца.

Тыя пайшлі. Але не збіраць. Таму тады было сумна. А вось зараз з’явіліся іншыя, якія можа і не ведаюць, што нехта і да іх змагаўся з гэтым сімвалам, затое ведаюць што з тым сімвалам рабіць. І таму ён, гэты сімвал, ужо зрушыўся з нулявога кіламетра. Як мінімум у духоўным вымярэнні. Астатняе прыкладзецца. Бо як сцвярджае старая беларуская прымаўка – пачатак, гэта палова справы.

Ну а які сімвал паставіць у цэнтры гораду, каб і ўсё астатняе зрушыць з нулявога кіламетра, выбар вялікі. А можа проста паставім не сімвал, а помнік. Нарэшце помнік.

Віктар Сазонаў  


14.05.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты