Навіны

Ці падхопяць дэпутаты бел-чырвона-белы сцяг?

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Пётр Садоўскі распавёў, чаму прэзентацыя законапраекта аб ахове і выкарыстанні бела-чырвона-белага сцяга “вельмі слушная ініцыятыва”.

Як вядома, 14 траўня адбылася прэзентацыя законапраекта аб ахове і выкарыстанні бела-чырвона-белага сцяга, які дэпутатка Ганна Канапацкая перадасць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Стварэнне гэтага законапраекта і праца па яго зацвярджэнні – працяг шматгадовай кампаніі аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці бела-чырвона-беламу сцягу.

Пётр Садоўскі: Сама па сабе ініцыятыва вельмі слушная і выдатная. І выдатна тое, што гэта робіць, скажам, не Таварыства беларускай мовы, а Ганна Канапацкая з АГП. Таму што ўсё, што пачыналі Зянон Пазьняк, БНФ, яно ўспрымаецца ўладай, як нешта старое і шкоднае, якое нельга прапускаць. А тут раптам падыйшлі нечакана з іншага боку. Я вельмі цешуся за Канапацкую, хаця напачатку яна была не вельмі нацыянальна арыентаваная. І калі ў парламенце будуць слуханні па гэтым законапраекце, то гэта таксама добра. Гэта пашырае ідэю.

РР: Але ж усім вядома стаўленне ўладаў да бел-чырвона-белага сцяга.

Пётр Садоўскі: Таму, на мой погляд, дэпутаты і не падтрымаюць гэты законапраект, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Зразумела, што бел-чырвона-белы сцяг адмянілі насуперак Канстытуцыі, таму што законам забаранялася выносіць на рэферэндум пытанні мовы, сімволікі і іншых гістарычных каштоўнасцей. Але гэта гэта ўсё было парушана. Натуральна, што зараз улада не хоча прызнаваць свае памылкі. І наўрад ці прызнае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/tsi-padkhopyats-deputaty-bel-chyrvona-bel/

15.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты