Навіны

Рай на зямлі

Майскавеснавое шаленства ў поўным разгары. Прырода і зямля сваім рытуальным кругазваротам проста да нейкай шалёнасці прыводзіць і род чалавечы. Асабліва ягоную патрэбу корпацца ў зямлі з агароднінай, садавіной і кветкамі. Зараз апрача ўсіх псіхічнааздараўляльных аспектаў гэтага занятку ў нашым жыцці мае ён і яшчэ, здаецца, адзін глыбейшы кантэкст. Гэта падсвядомыя пошукі і вяртанне да біблейскага страчанага раю ў яго прыродным выглядзе. Нездарма, калі бачым неверагодна прыгожыя агароды, сады ці любімыя краявіды нашай Бацькаўшчыны, або цудоўнасці ў іншых кутках свету, нашы вусны ў захапленні вымаўляюць адно параўнанне: проста як у раі! Наша месцазнаходжанне і жыццё ў расліннажывёльнай прасторы дае такое, а не іншае адчуванне вяршыні эстэтычнай уражлівасці. Затым, відаць, невыпадкова ўсплывае ў душы таксама песня гурту «Тройца» са знамянальнымі словамі «... а ў раі, раі». Паглядзеўшы таксама відэакліп да гэтай песні з яго арнаментыкай, адразу перад вачыма прасоўваюцца мне проста вобразы жыцця і расказы з падляшскапалескага космасу. А ў сэрцы і думках назаўсёды райскай застаецца карціна роднай хаты на фоне зялёных лугоў, дрэў і асыпанага кветкамі мамінага агарода.

У маёй памяці з дзяцінства засталіся таксама ўспаміны пра той райскі свет, які спаглядаў на мяне з газетак і часопісаў, прывезеных у нашу вёску баптыстамі з Дубіч Царкоўных у пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Усё рабілася адкрыта і без боязі, відаць эпоха Эдварда Герэка пасля сярмяжнаантырэлігійнага Уладзіслава Гамулкі крыху аблягчыла дыханне малалікім, рэлігійным супольнасцям пратэстанцкага ўхілу. А можа такім чынам улады хацелі паспрыяць паслабленню каталіцкаправаслаўнага свету Беласточчыны? Не ведаю гэтага, але думаю, што нашы гісторыкі міжканфесійнае жыццё беларусаў Падляшша ў пасляваеннай Польшчы таксама раскрыюць шырэйшаму кругу чытачоў. Як на прагматычных місіянераў і людзей свядомых сваёй усходняй цывілізацыі і ў большасці беларускасці выпадала, усе тадышнія выданні былі пісаны кірыліцай на рускай мове. Не тое, што зараз, калі выданні ўсіх хрысціянскіх плыняў тут у нас, на Падляшшы, амаль у ста адсотках з’яўляюцца толькі на польскай мове. Ненайлепшы гэта знак Божы для нашай будучыні. Але тады ніхто не думаў і не ўяўляў, што канец «рускага свету» не за гарамі і не за лясамі і ў невядомай часапрасторы. Затым на лавачках перад хатамі вяліся размовы пра гнеў і ласку Божую, адкупленне грахоў і чалавечае збаўленне. Ніхто на нікога не падымаў голасу і не праганяў з панадворка ці хаты, а ўзаемаабмен поглядамі і навінамі з іншых вёсак быў прыемна праведзеным нядзельным пасляабедзенным часам для ўсіх субяседнікаў. Ніхто нікога такімі размовамі не павярнуў у сваю, адзіную, справядлівую веру, затое пашыраў інфармацыйную гмінную прастору і ўзбагачаў архіў вуснай, народнай гісторыі мясцовай супольнасці. Аднак заўсёды пасля такіх сустрэч дзеля фармальнай традыцыі заставалася баптысцкая, каляровая, рэлігійная літаратура, якую я гартаў потым па некалькі разоў дзеля цудоўных там ілюстрацый. Імпазантнае ўражанне, вядома, бралася і адтуль, што тадышнія чорнабелыя газеты і кніжкі былі дамінантай у нашых руках. І што цікавае, то менавіта зкзатычныя жывёлы, дрэвы, расліны, фрукты спаглядалі на мяне з каляровых старонак. Не было там відаць бульбы, аўса, жыта. Каровы, свінні і коні не ўсміхаліся да нас.

Тады вось цікава, як выглядае, напрыклад, уяўленне раю сярод карэнных хрысціянскіх жыхароў Афрыкі? Ці сланы, жырафы, ільвы і авечкі спазнаюць дабро ў гарманічнай шчаслівасці з чалавекам пад сінім небам, сярод траў, дрэў і вадаёмаў. Для сонечнай спёкі, пустыннай гарачыні і галодных людзей з упэўненасцю няма месца ў зямной, райскай фатамаргане. А можа тады ў такім выпадку тым райскім, афрыканскім уяўленнем будзе наша Белавежская пушча з усімі чатырма порамі года, зубрамі, дзікамі, дубамі, соснамі і безліччу грыбоў?

Яўген ВАПА

18.05.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты