Навіны

«Маці 328» прыпынілі галадоўку, але могуць яе аднавіць

Праблема антынаркатычнага заканадаўства. «Маці 328» прыпынілі галадоўку, але могуць яе ізноў аднавіць, альбо правесці іншыя акцыі пратэсту.

Лідарка матчынага руху Ларыса Жыгар кажа, што адно з патрабаванняў галадоўшчыцаў выкананае.

— Галадоўку мы прыпынілі па стане здароўя нашых жанчын, бо гэта не маладыя дзяўчыны. Да таго ж, нам паступіў вычарпальны адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, што законапраект паспяхова прайшоў крыміналагаічную экспертызу і ён паступіў у Палату прадстаўнікоў на разгляд.

Калі дэпутаты прымуць папраўкі ў антынаркатычны артыкул Крымінальнага кодэксу, то адказнасць за распаўсюд наркотыкаў можа быць зменшаная. Але ж не надта істотна, — заўважае Жыгар.

— Па частцы другой і трэцяй артыкула 328,ніжэйшая планка тэрміну паніжаецца на два гады. То бок, калі па другой частцы было ад пяці гадоў, дык стане — ад трох. Калі па частцы трэцяй было ад васьмі да пятнаццаці, дык будзе ад шасці. А таксама, канфіскацыя маёмасці замяняецца штрафам.

Між тым, галадоўку працягваюць дзве жанчыны ў Лідзе. Яны патрабуюць перагляду спраў сваіх сыноў. Гаворыць адна з іх – Людміла Лапко. Жанчына галадуе восьмы дзень.

— Я пачынала галадоўку разам з Маці-328, але таму што потым было прынятае рашэнне прыпыніць галадоўку, я напісала зварот да прэзідэнта і папрасіла разбіральніцтва справы майго сына. То бок, я цяпер галадую да таго, моманту пакуль не прыйдзе адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, наконт справы майго сына.

25 траўня прыём грамадзян акурат у Лідзе правядзе старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека Андрэй Навумовіч. Актывісткі «Матчынага Руху 328» збіраюцца завітаць на сустрэчу з парламентаром.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/matsi-328-prypynili-galadouku-ale-mogu/

17.05.2018

праваабарончыя сайты