Навіны

Багатыя беднасцю

У апошні час прыйшлося мне некалькі разоў запар падарожнічаць у Варшаву не цягніком, бо ім зараз найбольш зручна і хутка, але на машыне па ўвесь час будаванай экспрэснай дарозе са сталіцы Падляшскага ваяводства ў сталіцу Польшчы. Падляшскі адрэзак трасы ўжо завершаны, трываюць яшчэ працы ў Мазавецкім ваяводстве. Таксама даволі аптымістычна выглядаюць прагнозы наконт рэальнай пабудовы карпацкай трасы, спалучаючай поўнач і поўдзень Еўропы. З пункту гледжання гаспадарчай перспектывы яе пабудова дае пэўныя шанцы на паменшанне адсталасці паміж усімі ваяводствамі ўсходняй сцяны і часткай Польшчы, распаложанай на захад ад лініі ракі Віслы. На зломе першага і другога кварталаў 2018 года мае адбыцца міжнародная канферэнцыя наконт яе рэалізацыі, у час якой, як праінфармаваў міністр інфраструктуры польскага ўрада Анджэй Адамчык, чарговыя дзяржавы падпішуць акт далучэння да гэтай ініцыятывы, у тым ліку Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Харватыя і Сербія. Такім чынам вакол гэтага еўрапейскага камунікацыйнага калідора эканамічна інтэграваліся б краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта ўжо таксама і геапалітычныя выклікі і гульні, якія заўсёды нясуць з сабою пабольшаную рызыку для поспеху такога праекта. Але на сёння пэўным фактам з’яўляецца адно: фінансаванне гэтай трасы ўпісанае ўжо ў бюджэт Еўрасаюза.

Я аднак вяртаюся на наш варшаўскападляшскі панадворак, бо генеральна адсталасць і эканамічны разрыў паміж двума рэгіёнамі краіны, раздзеленымі Віслай, пасля 1989 года набраў, на жаль, прыспяшэння. Кіруючыя краінай палітыкі такую дэградацыю рэгіёна, у тым ліку нашага ваяводства, прыбіралі нейкімі тлумачэннямі пра патрэбу існавання зялёных лёгкіх Польшчы, пра агратурызм як адзіную галіну гаспадаркі здольную падняць рэгіён, ці толькі экалагічную, сялянскую прадукцыю як лякарства і перспектыву рэгіянальнага развіцця. Што гэта былі толькі байкі, дастаткова глянуць на дэмаграфію ваяводства і эканамічныя інвестыцыі ў ім, дзе нават сталіца ваяводства Беласток не ў змозе прыцягнуць да сябе сур’ёзнага бізнесу і інвестараў. І справа не толькі тут у нястачы рэгіянальнага лётнішча пад Беластокам, але ў структурнатэхналагічнай адсталасці ўсяго рэгіёна. Спадзяюся, што зараз кіруючыя краінай стрымаюць слова, каб рэальна зменшыць разыходжанні ў заможнасці паміж усходам і захадам Польшы. Факты пакуль гавораць аднак самі за сябе.

Еўрапейскае статыстычнае ўпраўленне (Еўрастат) апублікавала спісак найбяднейшых і найбагацейшых рэгіёнаў Еўропы ў 2016 годзе і параўнала іх з 2011 годам. З апублікаванага спіска вынікае, што пяць польскіх рэгіёнаў знаходзіцца ў катэгорыі найбяднейшых. Але ўжо на шчасце закрываюць яны другую дзясятку. Найбяднейшым рэгіёнам у Еўрасаюзе з’яўляецца паўночнызахад Балгарыі, дзе на аднаго жыхара выпадае 8,6 тысячы еўра валавога ўнутранага прадукту (РКВ) у год, значыць 717 еўра штомесяц. Такая прыбыль гэта ледзь 29% сярэдняга еўрасаюзнага прыбытку. І менавіта адміністрацыйныя адзінкі Балгарыі, Румыніі і Венгрыі састаўляюць наперамен тую бедную частку Еўропы, да якіх з шаснаццатага месца далучаюцца польскія ваяводствы: Люблінскае, дзе выпрацоўваецца 47 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту, Падкарпацкае і Падляшскае ― па 48%, ВармінскаМазурскае і Свентакшыскае ― па 49%. У Польшчы найхутчэй гаспадарча расце Вялікапольскае ваяводства ― з 68 да 75 адсоткаў сярэдняй еўрапейскай і Мазавецкае ― са 103% да 109%. Але памятайма, што тут стаўку падбівае сталіца Польшчы ― Варшава, бо некаторыя часткі Мазавецкага ваяводства такія ж бедныя, як і іх суседзі на ўсходнім баку краіны. А хто самы багаты ў еўрапейскіх статыстыках? Гэта жыхары заходняй часткі Лондана, дзе знаходзіцца фінансавы цэнтр. Там выпрацоўваецца ажно 611 адсоткаў сярэдняй ЕС, гэта 178,2 тысячы еўра ў год. На другім месцы апынуўся Люксембург, за ім ― Гамбург. Далей ідуць нашы паўднёвыя суседзі ― Браціслава і Прага ― па звыш пяцьдзясят тры тысячы еўра.

Ці ўдасца для ўсходняй Польшчы вырвацца з ліку рэгіёнаў горшай катэгорыі? Пакажуць гэта хутка наступныя пяць гадоў і сродкі з еўрасаюзнага і краёвага бюджэтаў, накіраваныя на змаганне з такой адсталасцю.

Яўген ВАПА

12.03.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты