Навіны

Праўда таксама яднае

Дзякуй Богу, чарговы гайнаўскі марш у гонар камандзіра Рамуальда Райса «Бурага» ўжо за намі. Шмат эмоцый, страху, нянавісці спадарожнічае гэтай правакацыі ў польскабеларускіх дачыненнях. Менавіта правакацыя з’яўляецца тым найлепшым тэрмінам, якім павінны мы карыстацца, называючы тую падзею. Бо ніхто, хто ўмее чытаць, думаць і ўслухацца ў другога чалавека, не будзе рабіць такіх рэчаў, як услаўленне дзеянняў, за якімі стаяць кроў, слёзы і ахвяры, прынесеныя ў імя нацыянальнай варажнечы. На шчасце разуменне такога гістарычнага мінулага не з’яўляецца чужым і для польскіх гісторыкаў, публіцыстаў, палітыкаў ці звычайных грамадзян. Кніжка правага аўтара Пётра Зыховіча «Плямы на панцырах» пра злачынствы некаторых герояў польскага антыкамуністычнага падполля з’яўляецца доказам думання ў катэгорыях гістарычнай праўды. Таму дзеля той праўды ў сваім фельетоне хачу прывесці словы польскіх палітыкаў правага і левага лагера, якія ў выказваннях для Радыё Рацыя не пакідаюць таксама аніякіх сумненняў наконт спрэчных герояў. Сапраўды, не ёсць так, каб мы ў сваім бачанні свету, звязанага з нашымі польскабеларускімі суадносінамі, пачалі раптам абвінавачваць усіх палякаў у пасляваенных трагедыях. Такі падыход, на жаль, не чужы многім нашым супляменнікам. А гэта таксама сорам для нас і трэба пра тое таксама гаварыць адкрыта, паколькі няма бязгрэшных народаў і людзей.

Паводле былога віцэміністра замежных спраў Польшчы Паўла Коваля, такую асобу як «Буры» нельга лічыць польскім героем: «Калі нехта нават мае вельмі добрую гісторыю як жаўнер і афіцэр, але ў ягонай біяграфіі з’яўляюцца такія элементы, якія можна акрэсліць як генацыд ці іншыя ваенныя злачынствы, дык мне ясна, што яго нельга паказваць як героя, ставіць у прыклад для пераймання, нельга выносіць на помнікі». Як дадае Павел Коваль, дзяржава, якая мае вялікую гісторыю падпольнай барацьбы, змагання Арміі Краёвай, не павінна маўчаць і пра сітуацыі, дзе дайшло да злачынстваў: «Справа гонару сучаснай дзяржавы, незалежна ад нацыянальнага кантэксту, асудзіць кожнае дзеянне, якое можна акрэсліць як ваеннае злачынства, бо гэта пытанне нашай верагоднасці, нашай легітымізацыі на міжнароднай арэне».

Так выказваецца асоба, якая будучы і палітыкам, і гісторыкам аж надта добра разумее, што ўслаўляючы такіх герояў наносіцца польскаму грамадству больш шкоды чымсьці карысці. А як, на жаль, бачым, адсутнасць такога думання пакуль чужая многім стваральнікам сённяшняй гістарычнаадукацыйнай палітыкі ў краіне. Ад гадоў паслядоўным у сваіх выказваннях наконт Рамуальда Райса з’яўляецца палітык левага напрамку Адрыян Зандберг: «Я лічу ганебным тое, што гэтыя правакацыйныя дзеянні, арганізаваныя ўльтраправымі, будуць адбывацца на вуліцах Гайнаўкі. Такое папросту не павінна адбывацца, бо гэта сварыць мясцовую грамаду, настройвае брата супраць брата».

Менавіта мы самі павінны перш за ўсё памятаць, што бязвінныя ахвяры загінулі толькі таму, што былі беларусамі, якія жылі на сваёй Бацькаўшчыне. У ІІ Рэчы Паспалітай для ўсіх нацыянальных меншасцей была яна той зямлёю, на якой мы павінны застацца толькі палякамі, а не беларусамі, жыдамі, літоўцамі, украінцамі. Адзіным дапушчальным варыянтам у нашым выпадку было «перавыхаванне» нас на праваслаўных палякаў. Таму лічу вялікай крыўдай і памылкай для справы ахвяр і іхніх нашчадкаў з боку «нашых» палітыкаў і духоўных гаварыць пра гэтую трагедыю толькі ў міжканфесійным вымярэнні. А наша стаўленне да гайнаўскага маршу вельмі трапна пракаментаваў прафесар Алег Латышонак: «Нам, беларусам Беласточчыны, трэба, аднак, захаваць стойкасць, не паддавацца на правакацыю і рабіць сваё. Хутка будзе 25 сакавіка, якое мы павінны годна адсвяткаваць. Павінны мы ўшаноўваць ахвяр, але не па іхных тэрмінах, а па сваіх. Не таму ехаць у Залешаны ці Зані, што нейкія нацыяналісты арганізуюць Марш выклятых жаўнераў, а толькі з патрэбы сэрца і ў свой час. Мы наогул не павінны адказваць на нейкія правакацыі, трэба іх трактаваць так, быццам іх не было». Трэба жыць проста панашаму, пабеларуску.

Яўген ВАПА

05.03.2018

праваабарончыя сайты