Навіны

Сумны ўрок гісторыі

Чалавечая памяць, гістарычная памяць народа, палітыка, затым крыўда, зацятасць і... рэцэпт на міжнацыянальныя і дзяржаўныя канфлікты маем у пілюльцы. Так было ад стагоддзяў, так ёсць і зараз. І тут усе прыгожыя і мілыя майму сэрцу словы і прыказкі кшталту, што гісторыя з’яўляецца настаўніцай жыцця, бяруць адвод і становяцца, на жаль, толькі пустымі сказамі. Сіла эмоцый пераважна бярэ верх над рацыяналізацыяй гістарычных досведаў і даследаванняў. Таму маем паўтаральнасць і прадбачлівасць канфліктаў, узнікаючых перш за ўсё на нацыянальнарэлігійных асновах.

Зараз Еўропа, але і іншыя куткі свету не глухія на такія выклікі, тады маем неверагодную, грамадскакультурную, двухполюсную разыходжанасць паміж палітыкай звышкарэктнасці і палітыкай толькі гістарычнай памяці. Два ідэалагічныя бакі счапіліся не на жарты і ўжо не толькі ў парламентарным ці культуралагічным дыскурсе. Свае медыі, свае дэманстрацыі, свае палітычныя сілы, а ўсё пад узаемную аплявуху і прыніжэнне адных другімі. А месца на нармальнасць, дыялог і ўзаемаразуменне становіцца штораз менш. Толькі двухполюснасць і чорнабелае вымярэнне мае быць тым чалавечым «шчаслівым выбарам». Хто не з намі, той супраць нас ― толькі да гэтага зараз, на жаль, здаецца звялася ўся размова пра палітычны плюралізм паміж леваліберальнымі і нацыянальнаправымі грамадскасцямі сучаснага свету.

Пры такой філасофіі пачынаецца маўклівая згода і дазвол на прымяненне штораз больш жорсткіх і брудных метадаў палітычнай барацьбы, уключна нават з фізічнымі атакамі ў дачыненні да сваіх сапернікаў. Няёмка і няўпэўнена пачынаюць сябе адчуваць у такой сітуацыі людзі, якія не знаходзяцца ў палоне толькі адной, святой, непадзельнай гістарычнай праўды, або любога ідэалагічнага ці палітычнага напрамку. Гэтыя праблемы зараз ― неад’емная частка рэчаіснасці не толькі ў кантынентальнадзяржаўным вымярэнні, але і ў нашым, падляшскім свеце польскабеларускай гістарычнай памяці і закалотаў у бягучай польскай дзяржаўнай палітыцы, якая рыкашэтам адбіваецца па нашых галовах.

Так як штогод пералом студзеня і лютага для тоеснасці і нашай беларускай памяці на Беласточчыне з’яўляецца часам задумы і рэфлексіі над крывавымі дзеяннямі некаторых узброеных атрадаў польскага падполля пасля Другой сусветнай вайны. На старонках «Нівы», у іншых медыях і гістарычных апрацоўках, уключна з высновамі Беластоцкага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці, пішацца пра злачыннасць дзеянняў Рамуальда Райса «Бурага», ці рэпрэсіўныя акцыі Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» ў дачыненні да мірнага насельніцтва беларускіх вёсак. Тут трэба яшчэ раз выразна сказаць і прыгадаць, што адзінай прычынай трагічнага злачынства была менавіта нацыянальнасць і толькі беларуская нацыянальнасць загінуўшых людзей. А тое, што ў атрадах вышэйзгаданых камандзіраў былі асобы, якія вызначалі сябе як праваслаўных палякаў, не мяняе ані прычын, ані маштабу злачынства. Наадварот, прымушае нас задумвацца над паслядоўнасцю такіх ідэнтыфікацый як у мінулым, так і зараз. Аднак узняты дзяржавай міф выклятых жаўнераў, пра што пісаў я не раз у сваіх фельетонах, дазволіў дыхнуць новым жыццём і атрымаць беззаганнасць тым, якія маюць у сваім жыцці не толькі гераізм змагання і пераследу з боку камуністычнай улады, але свае душы і рукі апаганілі крывёю нявінных людзей. Ведаюць пра тое і польскія гісторыкі, і публіцысты.

Аб прыкладзе такой кніжкі і дыскусіі, якая мела месца на мінулым тыдні ў Варшаве, можам прачытаць у гэтым нумары «Нівы». Са свайго боку, калі паглядзеў я гэтую дыскусію ў інтэрнэце, то шчыра спачуваю прафесару Алегу Латышонку, што прыняў ён на сябе такі ўдар псіхалагічнага ціску і неўтаймаванага гіпертрыўмфалізму і агістарычнай праўды. За адзін вечар прыйшлося атрымаць такую дозу ўражанняў, ад якіх не толькі можна было захварэць, але і ўсур’ёз яшчэ раз задумацца над рэальнасцю мінулага і сённяшняга страху беларускай меншасці ў сутыкненні з напорыстасцю ідэалогіі адзінай праўды. На жаль, ад такога падыходу не будзе выйгрышу для нікога. Сумная праўда ад гэтага ўрока гісторыі.

Яўген ВАПА

26.02.2018

Відэа

праваабарончыя сайты