Навіны

Кліенты фінансавых магнатаў

Свет кружыцца і імчыць з такой хуткасцю і колькасцю інфармацыйных падзей, што адрозніваць важнае ад смецця становіцца штораз цяжэй. І гэта, здаецца, уся сутнасць той медыйнай аперацыі, мэта якой ― звесці кожнага з нас да адчування інтэлектуальнай безабароннасці, а затым да лягчэйшай маніпуляцыі нашымі эмоцыямі. Як бачна па тым, што дзеецца вакол нас, менавіта поўнае кіраванне чалавечымі пачуццямі гэта тая мара, да якой імкнуцца хворыя на ўладу і грошы мацакі гэтага свету. Тады значна лягчэй выклікаць дэзінфармацыю, канфлікты, гаспадарчыя крызісы, ці маніпуляваць унутрыпалітычным жыццём краіны. Асабліва гэта відавочнае ў час выбарчых кампаній на ўсіх узроўнях. Таму гэты і наступны год у польскіх рэаліях будзе весціся сапраўднае змаганне за палітычныя, каралеўскія прывілеі і кароны, а не толькі гістарычнае кіно часоў сярэднявечча ў нашых тэлевізарах. Па чарзе, рыхтуюцца нам гэтай восенню самаўрадавыя выбары, потым вясною наступнага года чакаюць нас гонкі ў Еўрапарламент, каб ізноў на восені 2019 года разыграць змаганне пра месцы ў польскім парламенце. Затым перад намі паўтара года рэальнага, павышанага і маніпуляванага ціску эмоцый у польскім грамадстве. Аж страх падумаць, колькі і якіх бочак з порахам мусяць зараз рыхтаваць на гэтыя тры войны варагуючыя палітычныя лагеры польскай палітыкі. А кожная такая бочка мусіць выклікаць сапраўдны ўзрыў, які маюць заўважыць звычайныя выбаршчыкі і адначасна абліць граззю і смуродам сваіх сапернікаў. Так як калісьці, ідучы на вайну, адпаведна з тагачаснымі патрабаваннямі ў кожнай з армій рыхтавалася адпаведная спажыва і амуніцыя. Памятаем з легендарных пераказаў як, рыхтуючыся на Грунвальд на вайну з крыжакамі, кароль Ягайла і князь Вітаўт са сваімі дружынамі палявалі на звяроў ва ўсіх пушчах, таксама і ў нашай Белавежскай, каб потым саліць мяса ў бочкі дзеля лагістычнай бяспекі. Каралеўскі і княжы бюджэт мог дазволіць сабе на такія выдаткі. Хаця памятайма, што войны гэта каштоўная справа і калі абдзертыя падаткамі каралеўскія падданыя не забяспечвалі коштаў, то кіруючыя патаналі па вушы ў даўгах. Хвароба ўладарання і перамагання проста бясцэнная. Якім і чыім коштам ― гэта для зямных уладароў не мае значэння.

Пішу з такім гістарычным адступленнем, каб усвядоміць яшчэ раз адну праўду: там, дзе палітыка, там і патрэбны грошы. Тры выбарчыя кампаніі для палітычных сіл, якія фінансуюцца з бюджэту дзяржавы, гэта той момант зараз, каб на доўгія гады вызначыцца ў Польшчы з роляй лідараў і прайграных. Для малых партый і грамадзянскіх рухаў не пад сілу спаборнічаць у так няроўным змаганні. Аднак амбіцыі і мэта быць адзінымі, кіруючымі прымушае палітыкаў шукаць грошай у тых, хто іх мае. Бедныя, грамадскія дзеячы і іх структуры разлічваюць на сто ці дзвесце злотых сваіх сяброў ці суседзяў. Вялікія сябруюць з вялікім бізнесам. Фінансавыя магнаты і палітычныя мецэнаты добра разумеюць, што час выбараў гэта таксама момант для іхняй паспяховасці, каб падаіць дзяржаву дзеля сваіх цяперашніх і будучых інтарэсаў. І тут раптам палітычныя афарбоўкі ці сімпатыі зыходзяць з поля зроку палітыкаў і багацеяў, бо яны на сябе асуджаны ў такой палітычнафінансавай сістэме дзяржавы. Як паказваюць успаміны ці пратаколы допытаў тых, што праляцеліся на сутыку інтарэсаў бізнесу і палітыкі, дасведчаныя ў палітычнай эканоміі плацілі кожнаму ад левых да правых, паколькі выгадна мець страхоўку з кожнага боку. Так справы маюцца на вяршыні агульнакраёвых ці ваяводскіх дамоваў. Бо з другога боку, хто глядзеў польскі кінафільм Układ zamknięty”, мог пабачыць як могуць задзейнічаць жорны дзяржавы і яе інструменты ў дачыненні да непаслухмяных. У апошнім часе шмат такіх рэальных гісторый стала агульнавядомымі. Падобныя справы і не чужыя на нашым падляшскім панадворку. У нас гэта яшчэ цікавей. У сувязі з недахопам грошай у мясцовых палітыкаў, усе яны, пачаўшы найперш ад самаўрадаўцаў, а на партыйных дзеячах скончыўшы, сталі заложнікамі і кліентамі магнатаўбізнесоўцаў. Дзе не глянь, усё відаць. А будзе яшчэ лепей, бо ж выбары перад намі.

Яўген ВАПА

19.02.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты