Навіны

Ініцыятарка галадоўкі актывістак „Матчынага руху” шпіталізаваная

Актывістка ініцыятывы „Матчын рух 328” Таццяна Канеўская — ініцыятарка галадоўкі маці асуджаных на падставе арт. 328 КК — шпіталізаваная ў гомельскую бальніцу хуткай дапамогі.

„Пачаліся праблемы з жоўцевым пузыром — халецыстыт. Гэта наступствы галадоўкі — мне лекары так і сказалі. Праходжу курс лячэння”, — распавяла БелаПАН Канеўская, якая галадала 15 дзён.

Яна падкрэсліла, што жанчыны не спыняюць барацьбу за змену крымінальнага заканадаўства ў частцы „антынаркатычных” артыкулаў. Нядаўна яны накіравалі зварот старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу з прапановай правесці пазачарговы пленум ВС для змены судовай практыкі па прымяненні артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў).

Прадстаўніцы „Матчынага руху 328” таксама накіравалі зварот генпракурору Аляксандру Канюку, у якім нагадалі аб анансаванай сустрэчы са сваякам асуджаных на падставе арт. 328 КК. Сустрэча планавалася 4 мая, але ў апошні момант была перанесеная на няпэўны час „у сувязі з тэрміновай камандзіроўкай” Канюка.

„Сустрэчу ж не адмянілі, а перанеслі. Мы спадзяемся, што яна адбудзецца”, — сказала Канеўская.

Акрамя таго, актывісткі руху запісваюцца на прыём да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб данесці да іх сваю пазіцыю, і чакаюць пленарных пасяджэнняў парламента, на якіх павінны разглядацца змены ў крымінальнае заканадаўства.

Праект закона „Аб змене некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае карэкціроўку пяці „антынаркатычных” артыкулаў КК, паступіў у Палату прадстаўнікоў 11 мая. На гэтай сесіі, якая працягнецца да канца чэрвеня, яго плануюць прыняць у першым чытанні.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/initsyyatarka-galadouki-aktyvistak-ma/

21.05.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты