Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Багдановіча

Беларускі рэлігійны праваслаўны і грамадска-палітычны дзеяч Вячаслаў Багдановіч нарадзіўся ў 1878 годзе ў мястэчку Дзісна (сучасны Мёрскі раён, ці Лепельскі павет). Дакладныя дзень яго з’яўлення на свет невядомы. Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара Васіля Багдановіча. Брат педагогаў Анатоля і Генадзя Багдановічаў. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, потым у 1903 годзе – Кіеўскую духоўную акадэмію з ступенню кандыдата багаслоўя. Працаваў выкладчыкам біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. З траўня 1907 года ў Мінску на пасадзе інспектара мясцовай праваслаўнай семінарыі. З восені таго ж года – інспектар Літоўскай духоўнай семінарыі.  У 1911-13 гадах – захавальнік Літоўскага епархіяльнага сховішча каштоўнасцяў. Дэлегат Вялікага царкоўнага сабору ў Маскве ў 1917-18 гадах.

Вячаслаў Багдановіч – удзельнік Першага Беларускага З’езду, які праходзіў у Маскве 24-27 верасня 1917 года. На пачатку 1920-ых гадоў выконваў абавязкі рэктара духоўнай праваслаўнай семінарыі. Сакратар Літоўскай епархіяльнай рады ў 1921 годзе. Адказны рэдактар “Литовских Епархиальных Ведомостей” з 1919 да 20 кастрычніка 1922 года, калі пастановай Віленскай духоўнай кансісторыі выданне было зачынена. У кастрычніку 1922 года Багдановіч арыштаваны польскімі ўладамі з архіепіскапам Літоўскім і Віленскім Елеўферыем (Богаяўленскім) і вывезены ў Кракаў. Мітрапалітам Дзіянісіем адлучаны ад Польскай аўтакефальнай царквы.

   З верасня 1921 года Багдановіч – сябра Таварыства Беларускай Школы. Быў выкладчыкам Закону Божага ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 годзе абраны дэпутатам у Сенат Польскай Рэспублікі ад Блоку нацыянальных меншасцяў. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. У 1920-1930-я гады – сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, да 28 ліпеня 1933 года – старшыня царкоўнай Праваслаўнай камісіі пры БНК. Выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансісторыі і епархіяльнай рады. Выкладаў у жаночай епархіяльнай вучэльні і Віленскай расейскай гімназіі.

У 1927-1930-я гады быў кіраўніком грамадска-рэлігійнай арганізацыі “Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне” у Вільні. Адзін з галоўных выдаўцоў і аўтараў часопісу “Праваслаўная Беларусь”, які выходзіў у Вільні ў 1927-1928 гадах. З святаром Лукашам Голадам арганізаваў у Вільні адзіны ва ўсёй Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся патрыярху Ціхану і служыў у ім псаломшчыкам у 1924-36 гадах да закрыцця храму. Да сярэдзіны 1930-ых гадоў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты з беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў. Аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А. Пшчолкі. Паводле звестак Адольфа Клімовіча, у 1920-ыя Багдановічу прыпісвалася аўтарства рамансу “Зорка Венера” на словы Максіма Багдановіча. 

У 1939 годзе арыштаваны польскай дэфензівай як супраціўнік аўтакефаліі. З Віленскай турмы пераведзены ў вязніцу ў бярозе-Картузскай. Вызвалены пасьля 17 верасьня 1939 года. Перабраўся ў Вільню. З прыходам у Вільню Чырвонай арміі арыштаваны 30 верасня 1939 года. Далейшы лёс невядомы. Паводле прыватных сведчанняў, расстраляны НКВД у Вялейскай турме неўзабаве пасля арышту. Сімвалічная магіла Багдановіча на праваслаўных могілках Выгода ў Беластоку.

 

 

23.05.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты