Навіны
Слова “патаннець” хутка будзе архаізмам
Прыехаў сябра з Амерыкі. Пытаюся, як там жывуць амерыканцы? Сябра ўсміхнуўся і кажа: “Мы адсталі ад Амерыкі на 100 гадоў”. “Няўжо на 100 гадоў адсталі ?.. “, – здзіўляюся. “Так, – удакладняе сябра, – ва ўсім мы адсталі ад ЗША на ўсе 100 гадоў. І магчыма ніколі мы ЗША не дагонім”.
Крыўдна стала за беларусаў. Няўжо і праўда мы так дрэнна жывем, што ніколі не зможам жыць так добра, як жывуць сёння жыхары ЗША?..
Ды навошта нам далёкая Амерыка. Побач з Беларуссю маленькая Эстонія. З 2013 года ў Эстоніі ўвесь гарадскі транспарт бясплатны. Для ўсіх дармовы: і пенсіянераў, і школьнікаў, і артыстаў, і вайскоўцаў, і бамжоў – для УСІХ. Сеў у аўтобус і паехаў куды хочаш па Таліне,Тарту, Нарве, Кохтла-Ярве, альбо катайся ўвесь дзень, дзе хочаш і куды хочаш. І няма там кандуктараў, кантралёраў, якія ловяць безбілетных пасажыраў, выклікаюць міліцыю, наладжваюць суды, штрафуюць … А бліжэйшым часам Эстонія наогул хоча зрабіць бясплатны праезд у грамадскім транспарце па ўсёй краіне. Сядаеш у любы грамадскі транспарт і едзеш бясплатна, куды пажадаеш. Я падумаў і ўявіў, хоць гэта і немагчыма ўявіць, што заўтра мы прачнемся ў “сильной и процветающей” Беларусі, а нам па беларускім тэлебачанні дыктар радасным голасам і некалькі разоў паведаміць, што з 1 чэрвеня 2018 года па ўсёй Беларусі гарадскі грамадскі транспарт будзе пасажыраў вазіць бясплатна так, як у Эстоніі. Што, мы горшы народ за эстонцаў? А? Мы ж разам некалі былі ў адной савецкай імперыі. У іх сёння можна бясплатна ездзіць, а нам – нельга. Як жа так?
Не, беларусам такое нават у каляровых снах прысніцца не можа. У нас – усё платнае, у нас цэны растуць хутчэй, чым летась у беларускіх лясах грыбы, у нас словы “бясплатна” і “патаннець” ужо даўно сталі архаізмамі. А мы хочам грамадскі транспарт, каб быў бясплатным. Калі ён у Беларусі будзе бясплатным, то гарадскія аўтобусы, тралейбусы і трамваі будуць рухацца адзін раз у суткі па сваіх адпаведных маршрутах. А дыспетчары будуць паведамляць, што няма запчастак, бензіну, кіроўцаў і г.д. У Беларусі словы “бясплатна” і “патаннець” – гэта толькі словы. І ўсё.
Калі пісаў гэтыя радкі прыгадаўся адзін вясёлы анекдоцік.
Кантралёр пасажыру:
-Ваш білецік?
-Мой білецік.
-Вы што хворы?
-А вы што доктар!?
-Ваш білецік!
-Мой білецік…
-Ды вы што кажаце адно і тое ж. Іншых слоў не ведаеце?
-Ведаю: пыласос.
-Я кантралёр!
-А я сантэхнік…
-У вас усе дома?
-А вы хочаце ў госці прыйсці?
-Ваш білецік!
-Мой білецік…
-Вы што – заяц?
-А вы што – воўк?
-Ваш білецік!
-А навошта вам?
-Ну, я яго пагляджу…
-Ну, купі і глядзі…
-Ваш білецік!!!
-Мой білецік… А вось і мой прыпыначак!..
Гэтаму пасажыру з анекдота пашанцавала. Тым больш, што гэта была не Эстонія, а… магчыма, наша Беларусь…
Сяргей Чыгрын