Навіны

24 траўня Зміцеру Кісялю споўнілася б 55 гадоў...

24 траўня вядомаму гарадзенскаму журналісту, грамадскаму дзеячу Зміцеру Кісялю споўнілася б 55 гадоў...

Зміцер Кісель нарадзіўся 24 траўня 1963 года ў Гародні. Дзяцінства было няпростае. Ягоныя бацькі пасля рэпрэсій за антысавецкую дзейнасць былі рэабілітаваныя толькі ў 1960 годзе. Уладзімір Кісель, бацька Зміцера, быў настаўнікам, удзельнікам антысавецкага падпольнага руху. Арыштаваны ў 1949 годзе ў Гародні, прайшоў канцлагеры і турму. У няпросты час пасля вызвалення сям’і дапамог Апанас Цыхун, які не пабаяўся паспрыяць Уладзіміру Кісялю з працай. Зміцер вельмі любіў сваіх бацькоў, хоць з іншага боку іх гераічнае мінулае накладала на яго пэўны комплекс сваёй меншай вартасці. Дзіму вельмі любілі таксама сябры яго бацькоў – вязні савецкіх канцлагераў. Ён быў гэткім сынам “гулагаўскага” камбатанцкага палку. Пра яго з вялікай цеплынёй гаварылі многія беларускія ветэраны.

Зміцер Кісель атрымаў у сям’і беларускае выхаванне. Скончыў сярэднюю школу, захапляўся ветразевым спортам. Пасля вучыўся завочна на гістарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Яшчэ ў студэнцкі час пасябраваў з беларускімі актывістамі Беласточчыны – Яўгенам Вапам, Міхасём Андрасюком, Міколам Ваўранюком, Янкам Морданем, запрашаў іх у горад над Нёманам.

У сярэдзіне 1980-ых гадоў, калі прыйшла перабудова і пачалося нацыянальнае Адраджэнне, Зміцер Кісель актыўна ўлучыўся ў грамадска-асветніцкую дзейнасць. Узначальваў навуковую суполку маладзі імя Максіма Багдановіча, якая гуртавалася пры музеі паэта. Ідэя выдаваць уласную газету ў сяброў суполкі нарадзілася перад Калядамі 1988 года. У госці да іх прыехалі тады Янка Мордань і Надзея Артымовіч. Пра сваё выданне размова пайшла ў час сустрэчы ў музеі Багдановіча. Менчукі тады ўжо мелі газеты і гарадзенцы, вырашылі, што і ім час стварыць сваё выданне. Спрачаліся вакол назвы газеты: Зміцер прапаноўваў “Гараднічанка”, хтосьці іншы – “Гарадніца”, але ўрэшце перамагла прапанова мастака Міхася Баярчука – “Рэанімова”.

Першы нумар газеткі выйшаў на пачатку 1989 года. Яго адметнасцю было тое, што там упершыню ў беларускім друку з’явіліся словы і ноты гімна “Магутны Божа”, перададзеныя беластоцкімі беларусамі. На выданне сябры суполкі імя Максіма Багдановіча збіралі свае грошы. Беларускія газеты друкаваліся тады ў Літве. У адной з камуністычных газетаў у Вільні працаваў беларускі хлопец, які і дапамагаў. Нумары на машынцы набірала Данута Бічэль, затым рабілі макет і везлі ў Вільню.

У 1995 годзе на Сьвіслацкіх гарадскіх могілках была адшукана магіла Віктара Каліноўскага – ідэолага нацыянальнага руху і старэйшага брата Кастуся Каліноўскага. Кісель разам з сябрамі займаўся аднаўленнем магілы і памятнага крыжа. Неўзабаве па прапанове Гарадзенскіх філій партыі Грамада (БСДГ) і грамадскага аб'яднання “Фонд імя Льва Сапегі” (актыўным сябрам якіх быў Кісель), якія былі першымі арганізатарамі масавага ўшанавання памяці загінуўшых змагароў, Дзень памяці паўстанцаў 1863 года пераўтварыўся ў агульнанацыянальны фэст.

Зміцер Кісель нейкі час узначальваў гарадзенскую філію БАЖ, друкаваўся ў “Пагоні”, “Ніве”, працаваў для Беларускага Радыё Рацыя. Асабістае жыццё, аднак, не склалася, а палітычная сітуацыя ў краіне прывяла да псіхалагічнага надлому і хранічнай хваробы. Абставіны смерці ў сваёй кватэры засталіся да канца не высветленымі.

Пахаваны Зміцер Кісель на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў. Імя Змітра Кісяля ўвайшло ў падручнік “Гродназнаўства”.

24.05.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты