Навіны

Рай на зямлі (2)

Тыдзень таму назад пісаў я пра зямное ўяўленне прыроднага раю, асабліва ў пратэстанцкай літаратуры, а зараз хачу крыху распавесці пра адно месца ў Беластоку, якое напэўна ў гэтую пару года дае магчымасць самарэалізавацца кожнаму з нас у сваёй асабістай, райскай кветачнаагароднай прасторы. Гаворка ідзе пра сельскагаспадарчатаварную біржу па вуліцы Андэрса, якая для мяшчанскадачных беластачан, асабліва па суботах, становіцца месцам паломніцтваў. У генетычнаментальным плане беластачане ў сваёй пераважнай большасці надалей з’яўляюцца сялянамі. Вось менавіта гэты радавод і папіхае нас усіх у тое месца, якое прываблівае вока і вуха сваёй свойскасцю і гаманлівасцю ды нагадвае былыя маламестачковыя кірмашы. Я таксама вельмі люблю рабіць там пакупкі і раблю гэта з найбольшай асалодай. Менавіта толькі там магу купіць абсмаленую вясковую курку і зварыць на ёй расол, ад якога паху і смаку балдзеюць нос і паднябенне. Казінае малако, сыры, яйкі, саланіна, вяндліна, качкі і індыкі з натуральных куратнікаў і такога ж яшчэ кармлення можна набыць у любым варыянце, асабліва перад каляднымі ці велікоднымі святамі. Ёсць таксама адзін любімы мною куточак гэтага месца ― два рады сталоў, на якіх гаспадараць дзелавітыя беларускія жанчыны з душэўна блізкай нам суседняй краіны. Колькасць прапанаваных там тавараў хатнепрадуктовалячэбнай вытворчасці дазваляе пабываць на пакупках у Рэспубліцы Беларусь, не паставіўшы там ані на хвіліну сваёй нагі. Таму, як мне здаецца, распрацоўшчыкі праекта пра беларускія месцы Беластока абавязкова павінны ўключыць сельскагаспадарчатаварную біржу, таксама як і базар па вуліцы Кавалярыйскай, у яго віртуальны і папяровы варыянт. Таксама ўвогуле не разумею, чаму беластоцкія ўлады ў сваіх прамацыйных матэрыялах ― і ў друкаваных, і ў аўдыёвізуальных ― саромеюцца паказаць адметнасць і прываблівасць Беластока. Пры тым кожны добра ведае, што ў замежных турыстычных падарожжах усе любяць трапляць на мясцовыя базары, на якіх можна затаварыцца тутэйшай прадукцыяй ці пакаштаваць смакаў чужаземнай яды. Ніхто нават не зняў фільма пра беластоцкія базары. А гэта ж яны ўваходзяць у лік любімых месцаў пабыўкі і адпачынку беластачан. Дык чаму ж тут спрацоўвае ізноў нейкі комплекс непаўнацэннасці ўладароў горада і ваяводства? Нейкая зацюканасць, не разумеючая таго кшталту багацця правінцыйнасці, якая схіляе хаваць і не хваліцца тым, што ёсць натуральным і прываблівым каларытам горада? Значна цікавей многім турыстам было б правесці час у суботні ці нядзельны ранак у гэтых месцах, чымсьці путацца па пустым і засмечаным у гэтую пару Рынку Касцюшкі. А колькі своеасаблівых дыялогаў паміж пакупнікамі і прадаўцамі можна пачуць, з якіх могуць узнікнуць не толькі анекдоты, але і літаратурныя сюжэты. Я сам быў не раз іх гледачом і слухачом.

Пабываўшы на біржы два тыдні назад, а стараюся хадзіць туды з заплечнікам пешшу, адчуў я сябе няйначай як на бітком набітых людзьмі вуліцах філіпінскай Манілы з рэпартажу Міколы Ваўранюка. Колькасць людзей, прыйшоўшых туды ў суботу ідзе напэўна ў добрыя тысячы. Зза людзей і машын нельга было проста прабіцца праз натоўп. А большасць пакупнікоў у свае шыкарныя машыны несла як трафейную звярыну, што найменш кшталту дзіка ці аленя, мяшкі з агароднай зямлёй, расаду і кветкі, кветкі, кветкі. Такую ж самую прыцягальнасць маюць бельскі і гайнаўскі рынкі, на якіх з асалодай і захапленнем адводзяць сваю душу жыхары і прыезджыя ў гэтыя гарады. Серада ў Гайнаўцы і чацвер у БельскуПадляшскім таксама для вясковага наваколля гэтых гарадоў з’яўляюцца тымі днямі, у якіх яны любяць бываць найчасцей. Вядома з мэтанакіраваным жаданнем, каб туды патрапіць у ролі пакупніка, але яшчэ, на шчасце, і прадаўцом натуральных прадуктаў сялянскай гаспадаркі. Да канца не звяліся залатыя рукі народных майстрых і майстроў. Тут таксама гэтымі днямі аж гудзе ад дыскусій і размоў, у якіх магчыма яшчэ пачуць усё багацце дыялектаў беларускай мовы ў жывым, каларытным гучанні ― апошнія астраўкі нашага адыходзячага моўнага раю.

Яўген ВАПА

24.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты