Навіны

Якія праўды?

Чарговы тыдзень ідзе вайна ― лоб у лоб, праўда на праўду, гісторыя на гісторыю. Ніхто б не падумаў, што паміж Польшчай і Ізраілем пачнецца дыпламатычная і гістарычная вайна за памяць, у якой абодва бакі гэта... ахвяры палітыкі фашысцкай Нямеччыны. А ваююць яны на зарэз, быццам рымскія гладыятары, якім абавязкова трэба смяротная ахвяра, без аніякага памілавання. Проста, усе гэтыя падзеі з’яўляюцца для мяне неўяўляльным парадоксам гісторыі, які з-за магілы дае асалоду для той антычалавечай сістэмы, якая загубіла дзясяткі мільёнаў людзей. Знішчаны былі не толькі жыды, але і славяне ― гэта чарговая супольнасць, якая ў планах вялікага Трэцяга Рэйха была прыгаворана на вынішчэнне. Пра дэмаграфічныя патраты Польшчы, Беларусі, Украіны, Расеі ці Грэцыі або Югаславіі ад нямецкага таталітарызму хопіць пачытаць нават у інтэрнэце. Але кожны з нас мае свае асабістыя сямейныя досведы. Ніколі не забуду расказаў сваёй мамы, калі ў яе роднай вёсцы Елянцы на вачах людзей нямецкія карнікі пусцілі сабак, каб тыя загрызлі і разарвалі на кавалкі нявіннае дзіця. А мае дзяды з боку мамы перахавалі ў клуні і выратавалі ад смерці жыдоўскую сям’ю. От так пачалавечы памаглі людзям. Памагаць людзям і раней, і зараз не такая простая справа. Памагаць і ратаваць людзей пад пагрозай смерці, як было ў час вайны, гэта гераізм. Таму мой дзед Майсей і баба Варвара заўсёды будуць для мяне прыкладам чалавечнасці, якая не мае цаны, і вечнасці жыцця з хрысціянскімі запаветамі. Таму не магу проста слухаць абвінавачванняў у адрас польскага народа, якія паплылі па ўсім свеце. Калі зараз так хочацца знаходзіць вінаватых, то я, гісторык па адукацыі, пастаўлю толькі адно пытанне: дзе былі тыя сытыя заходнія палітыкі ў час вайны, што не хацелі бачыць і слухаць пра канцэнтрацыйныя лагеры і генацыд жыдоўскага народа? Так, добра ведаю, што няма беззаганных людзей і народаў. Добра ведаю пра палітыку другой Рэчы Паспалітай і яе паланізацыйны падыход да ўсіх нацыянальных меншасцей. Ведаю і пра Другую сусветную вайну і пра выкарыстоўванне немцамі міжнацыянальных канфліктаў. Для беларускага пытання час не забудзе чарговых гадавін нашых падляшскіх трагедый, звязаных з Райсам «Бурым» ці камандзірам Шэндзележам «Лупашкам». Так, усё помнім, але нельга так скідаць віну на дзяржаву, якая 1 верасня 1939 года стала ахвярай атакі менавіта з боку Нямеччыны. А польская падпольная структура ў час вайны наколькі магла, ратавала жыццё жыдоўскай грамадскасці. Ясна, што тут віна ляжыць і на сённяшнім польскім палітычным баку і яго бачанні гістарычнай памяці і адукацыі. Рыхтуючы закон пра абарону польскай годнасці, не можна паставіць сябе толькі ў ролі бязвіннага і цнатлівага народа, бо такога няма. Ну і грэшнікамі гісторыкам абавязкова трэба таксама займацца, каб паказваць грамадству і перасцерагаць яго перад усімі злымі людзьмі і іхнімі поглядамі. Проста, атрымаўся такі слон у пасуднай краме, бо калі апрача жыдоўскага пытання прыходзіцца займацца яшчэ і варажнечай з украінскім бокам, то трэба быць або так моцным, або палітычным навічком. Ну і ўсё паехала і пасыпалася ўключна з заяўкамі саміх амерыканцаў у падтрымку свайго саюзніка Ізраіля.

Не зразумець усіх гэтых эмоцый, бо проста бачна, што ўсе гістарычныя праўды заўсёды прайграюць перад палітычнымі заказамі хвіліны. Канец і кропка. Свет апынуўся не ў асэнсаванай логіцы, але ў племянной, атавістычнай прадузятасці падзелу блізкай і далейшай ваколіцы. Сябры становяцца раптам ворагамі, а інфармацыйная вайна ― такая «атвраціцельная», што не толькі хочацца рыгаць ад бачанага і пачутага, але і ўцячы ад гэтага кашмару. Але тут не хаханькі. Жорны кожнай дзяржавы маюць сваю сілу і то немалую. Хаця я не аніякі аналітык ці палітык, але мне аж надта відавочным становіцца, што рубам ізноў стаіць пытанне пра лідарства і гонку паміж Амерыкай, Нямеччынай і Расеяй, і то не толькі ў Еўропе, але і ў дачыненні да ўплываў кітайскай дэмаграфіі і эканомікі. Пачалі мацавацца. Абы толькі не здурнелі, каб паказаць, хто мацнейшы ў сусветнай вайне.

Яўген ВАПА

12.02.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты