Навіны

Простыя словы ― вечныя словы

Апошнія два фельетоны прысвяціў я ціхаму зыходу маёй вясковай краіны шчаслівасці ў абдымкі вечнасці. Дарогі назад няма. Шлях і вектар існавання вызначаны ўжо толькі ў аднабокім парадку. Таму менавіта з такой інтэнсіўнасцю і нават дэпрэсіўнасцю засяроджваю свае думкі і ўспаміны пра вобразы і словы людзей з маёй роднай прасторы. А яны выліваюцца і ўзгадваюцца неспадзявана проста ў любую пару дня і ночы. А словы таксама яшчэ і пахнуць... Пахнуць спеласцю думак, гармоніяй царкоўнага кадзіла і паленых свечак, позіркамі аднавяскоўцаў і іхнімі мудрагелістымі або фальшывымі паводзінамі. Пахнуць каханнямі і трагедыямі чалавечапрыроднага космасу. Пахнуць урэшце сонцам, ветрам, зямлёю, небам, месяцам і зорамі. Усе яны патрэбныя, важныя і бязмежныя. Усе яны, выказаныя на вясковай лавачцы ці ў час святочнага застолля, надалей памятаюцца. Простыя словы, выказаныя разумнымі людзьмі, становяцца вечнымі. З’яўляюцца яны вечным помнікам нашай прысутнасці, але і прамінання. Простыя словы майго пушчанскага кутка ― гэта добрыя словы чалавецтва, гуманнасці і неспадзяванага кругавароту лёсу. Простыя словы гэта адзін з фундаментаў кожнай добрай літаратуры ці журналістыкі. Тут першынство выбудоўвае сабе паэзія, якая можа ў некалькіх радках і фразах раскрыць таямніцы касмічнага маштабу, не гаворачы пра далікатнасць, але і набрыняласць эмоцый з двухполюснага дабра і зла. Гэта паэзія простых слоў у спалучэнні з музыкай ці мастацкімі вобразамі разбудоўвае ў нас патрэбу да эстэтычных пошукаў, але перш за ўсё адчування патрэбы дабра ў нас саміх і другіх людзей. Гэта словы малітвы, просьбы, песні абараняюць нашы пачуцці і душы. Атрымліваем іх, бо хочам мець словы надзеі. Такімі ж некалькімі радкамі нашу ўдзячнасць пераносім на ахвяравальныя драўляныя ці каменныя крыжы, што зберагалі людзей і народы ад голаду, памору, агню, вады, войнаў на працягу ўсіх стагоддзяў.

Распісаўся я ў меланхалічнапрамінальным настроі невыпадкова. Вестка з Мінска пра смерць Міхала Анемпадыстава, аднаго з найвялікшых талентаў ва ўсёй беларускай культурнай прасторы, ускалыхнула таксама многія сэрцы і душы беларусаў Падляшша. Існаванне фестывалю «Бардаўская восень» у яго эстэтычнавыяўленчым характары звязанае менавіта з імем і прозвішчам, на жаль, ужо святой памяці новапрадстаўленага Міхала. Ягоныя плакаты штогадовага фестывалю для мяне асабіста былі вышынёй мастацкаграфічнай вытанчанасці свята слова і музыкі. Тут менавіта вобраз плакатаў Міхала Анемпадыстава ўзвышаў яшчэ тыя важныя простыя словы. З году ў год выступаў ён з новымі думкамі і прапановамі, што займалі дыханне ад пабачанага. Ад некаторых выпускаў фестывалю ў маёй памяці засталіся менавіта толькі ягоныя мастацкія плакаты, а не выканаўцы, якія не прыцягнулі да сябе нічым новым у сваіх музычнапаэтычных праектах. А яму, яшчэ як старшыні журы, трэба было з уласцівай сабе далікатнасцю і інтэлігентнасцю прымаць рашэнні наконт пераможцаў і прайграных. Гэта вялікая адказнасць браць на свае плечы лёс за будучае мастацкіх выбараў маладых людзей. Тут, здаецца, спрацоўвала самае галоўнае ― умеласць услухоўвацца ў аўтэнтычнасць выступу і разумення прэзентаваных слоў і музыкі. Таму можам і гаварыць, што дзякуючы працам усяго журы пад кіраўніцтвам Міхала Анемпадыстава некалькі асоб атрымала шанц увайсці ў свет беларускай музыкі, якім пакарысталася.

Рэч для нас, беларусаў Беласточчыны самая важна ― Міхал на добрае і благое пасябраваў з намі. Еўрапейскамінскі інтэлектуал адчуваў тут сябе добра і, не павучаючы, стараўся зразумець нашу сітуацыю. А мы былі, ёсць і заўсёды будзем зачараваны ягоным «Народным альбомам», простымі словамі пра кавалак беларускага лёсу, які выпаў на долю пакалення маіх бацькоў і дзядоў. Гэта быў наш свет, пра які мы ведалі з сямейных расказаў, але не мелі яго расказанага з геніяльнай прастатой у паэтычнамузычнай форме. А тут атрымалі мы такі шчыт і меч ― простыя, вечныя словы для нас і наступных беларускіх пакаленняў. Дзякуем за ўсё гэтае. Вечная Табе памяць, дарагі Міхал!

Яўген ВАПА

31.01.2018

Відэа

праваабарончыя сайты