Навіны

Вечнае развітанне вёскі

Тыдзень назад пісаў я пра калядоўшчыцусмерць, што не адпускае людзям нават у святочны перыяд. Няйначай адбылося і ў маёй роднай вёсцы, дзе жменька людзей страціла сваю пажылую аднавяскоўку. Аднак гісторыя яе адыходу не адбылася ў цішыні і спакою роднай хаты, але мела вымярэнне, пра якое загаварылі астатнія мясцовыя жыхары. У жанчыны здарыўся інсульт. Прыехаўшая хуткая дапамога неадкладна выклікала з Беластока санітарны верталёт, які неўзабаве прызямліўся на дарозе за маім канцом вёскі. Здаецца, такая сенсацыя як верталёт на дарозе ― на канцы пушчанскага свету павінен прыцягнуць увагу і выклікаць зацікаўленасць мясцовых людзей. Звычайная цікавасць павінна была іх падштурхнуць да таго, каб падысці і паглядзець, што ж тут такое вырабляецца. Нічога падобнага не здарылася. Апрача апякункі хворай жанчыны ніхто не паспяшыў паглядзець, як не круці, на нязвычнае прызямленне верталёта. Менавіта перамагла тут насцярожанасць жыхароў памежнай зоны. Адны падумалі, што адбываюцца абучэнні памежнай варты, якая практыкуецца ў пошуках нелегальных уцекачоў праз зялёную мяжу. Мясцовым людзям проста не хочацца мець дачынення з мундзірнымі службамі, у дадатак напэўна ўзброенымі, якія зараз пачнуць ізноў выпытваць, ці не бачылі чужых, ці ездзяць падазроныя машыны і людзі і г.д. Праз сваю цікавасць можна толькі прыдбаць адны клопаты, таму лепей у такой сітуацыі не высоўваць носа з хаты. Другія падумалі, што гэта напэўна прыляцелі тыя ж імігранты і зараз пачнецца бяда ў выглядзе абшуквання хат і панадворкаў вайсковымі падраздзяленнямі. Трэція ўявілі, што адбываецца залёт кантрабанднага верталёта з папяросамі і гарэлкай, а на дарозе ідзе перагрузка ў загадзя дамоўленыя машыны. Кожны варыянт абазначаў проста клопаты для грамадскасці маёй вёскі з дзесяці чалавек. А нікому не прыйшла ў галаву думка, што верталёт з’явіўся проста, каб ратаваць чалавечае жыццё. Каму ж патрэбная ці важная бабуля з пушчанскай вёскі? Тое, што верталёты ратуюць людзей, бачылі яны толькі па тэлебачанні. А тут такое здарылася. Аднак верталётная акцыя не дапамагла выратаваць жыцця ў Беластоку і праз тры дні жыхарам сяла прыйшлося развітвацца са сваёй аднавяскоўкай.

Пайсці развітацца і вывесці пакойніка гэта той маральны імператыў, які з’яўляецца генетычным кодам кожнай супольнасці. Аднак у выпадку старэйшых, хворых людзей з’яўляюцца перашкоды, якіх проста раней яны не ўяўлялі. У адных адняло ногі, так што ледзь прасоўваюцца па хаце пры дапамозе мыліц. У другіх такія хваробы, з-за якіх нельга пакінуць чалавека аднаго ў хаце хаця б на пяць хвілін, не кажучы, каб вывесці і апекавацца ім на двары зімовай парою. Трэція мелі прызначаныя візіты ў лекараў, каб яшчэ пазмагацца за свае жыццё. І на вывад, здавалася, не трапяць тыя, якія хацелі ў апошняй дарозе быць разам са сваёй вясковай пакойніцай. Але на шчасце з дапамогай паспяшылі іхнія сямейнікі. Вывад быў раніцай. Мой брат прыехаў пабыць з мамай, каб бацька мог пайсці і здзейсніць свой маральны абавязак. За тых, якія не ў змозе былі выйсці з хаты, прыехалі і пайшлі іхнія дзеці. Іншыя проста не паехалі да лекара. Такім чынам адвечная ўзаемадапамога ў апошніх хвілінах зямнога развітання яшчэ раз перамагла ўсе слабасці.

Але тая жменька людзей дакладна сабе ўсведамляе, што ўсё ж такі набліжаецца канец нашай вёскі з яе рэальнымі жыхарамі. Не гавару тут пра летніх прыезджых і польскіх уласнікаў дамоў, якія набылі ў апошнім часе ў нашай вёсцы. Хто наступны, а хто будзе апошнім з магікан, якога выведуць на вярстоцкія могілкі? А хто яго правядзе? Тыя пытанні адчувальныя ў позірках, тварах, вуснах маіх аднавяскоўцаў. Голасна пра іх не можна ўвесь час гаварыць, але рэальна трэба жыць з тым днямі і бяссоннымі начамі. А потым чакаць пахавальнай харугвы і чарговага развітання.

Яўген ВАПА

28.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты