Навіны

Сіла радасці калядавання

Спрадвеку вядома, што надзея памірае апошняй. Пісаў я пра яе і ў выпадку майго бацькі, якія ўсе спадзяванні на прадбачлівы парадак гэтага свету ўскладаў яшчэ на свята Ражджаства Хрыстовага. І сапраўды, без снегу і марозу, з велікодным надвор’ем Каляды мінулі ў адчуванні нараджэння Сына Божага, які вандруе і пасяляецца таксама ў самым забытым і бесперспектыўным у дэмаграфічным плане кутку зямлі, якім зараз стала мая родная вёска. Менавіта ўжо сюды не завітваюць нават каляднікі па прычыне апусцеласці і паўсюднай цемры на вясковай вуліцы. Не рассвятляюць ужо хат рознакаляровыя агеньчыкі і ўпрыгожанні прыбраных ёлак. Не чуваць галасістых гасцін са спевамі і сямейнымі радасцямі. Нават няма ўжо сіняга святла, плывучага ад уключаных тэлевізараў. Заслона апошняга акту памірання пушчанскага лёсу памаленьку набліжаецца да закрыцця адвечнай сцэны жыцця. Адчуванне велічы касмічнай цішыні паказваецца ў рэзкім супрацьстаянні з мізэрнасцю чалавечага зямнога вандравання. Але тады, менавіта з другога боку, узнікае вельмі моцнае зразуменне і перажыванне надзей, звязаных з калядным цудам. Нешта падобнае здарылася і са мною.

На першы дзень Ражджаства прынеслі мы з гары нашу сямейную гвязду. Пры печцы, з бацькамі і братам, стоячы ўсе разам за гвяздай пачалі мы калядаваць. На адным дыханні ліліся з нашых сэрцаў і душ тыя калядкі, што гадамі кружылі па родным доме і наваколлі. Калядавалі мы так галасіста, быццам знаходзіліся не ў хаце, а ― як было традыцыяй у дзяцінстве ― пад акном вечароваю парою, калі праслаўлялі нараджэнне Хрыста на славу Божую і радасць гаспадарам. Мы калядавалі таксама для непрысутных членаў нашай сям’і, для тых аднавяскоўцаў і знаёмых, што падаліся з зямнога свету на сустрэчу з Усявышнім. А хацелася нам проста ўявіць іх радасных і задаволеных тым, што ў іхнія дамы ізноў завіталі калядоўшчыкі. Калі гаварыць яшчэ пра катэгорыі цуду ― то гэтыя сем ці восем калядак мы праспявалі без аніякіх перарываў, не памыліўшыся і не збіўшыся са слоў нават у славутай «Небо і земля». Выглядала гэта большменш так, быццам мы добра рыхтаваліся цэлую піліпаўку, каб не падвесці саміх сябе і не зрабіць з сябе пасмешышча перад гаспадарамі, для якіх выспеўвалі тую векапомную падзею і незвычайную навіну. Пасля калядавання проста нам усім палягчэла на душы, а ніжэйпадпісаны ў пэўны момант нават праслязіўся. Іншыя каляднікі ў чарговыя святочныя дні не з’явіліся ў пушчанскай прасторы. Толькі потым вечаровую парою прыйшлі калядаваць тры манашкі аж з... Мінска. Так, гэтага беларускага. Дзе Мінск, а дзе мой родны Доўгі Брод?

Шляхі і дарогі ласкі Божай нам, грэшнікам, цяжка зразумець. Бо каму ж патрэбныя ў сэнсе ахвяраванняў і калядавання толькі пяць яшчэ абжытых хат, раскінутых на ўскрайку Белавежскай пушчы? Перасталі сюды заязджаць будаўнікі праваслаўных цэркваў і манастыроў у Польшчы. Не той маштаб і не тыя спадзяваныя грошы. Шкада траціць час і сродкі на бензін. Раней дзверы не зачыналіся ад шматлікіх каляднацаркоўных груп. Але калі вернікаў і гатовых раскашэліцца ў калядны перыяд пенсіянераў проста не стала, усе пахрысціянску забылі пра магіканадзіночак. Цяпер тут толькі адна рэальная калядоўшчыца ― смерць. Гэта яна не забываецца пра свае стаўкі і яўкі нават у калядны перыяд. Ейная ненасытнасць і каса маюць пастаянны час жніва, іх багатыя каляды. Пра тое шэпчуць вусны апошніх жывых людзей. Пра тое свішча вецер і плачуць дрэвы пры хатніх сядзібах, асабліва тых пустых. Услед за сваімі гаспадарамі найчасцей яны засыхаюць, або будуць павалены злымі вятрамі.

Зграшыў бы я аднак, калі б забыўся ўзгадаць, што сюды на «стары новы год» заглянулі каляднікі ― пеўчыя з прыхадскога хору, якія традыцыйна спяваюць на патрэбы і ўпрыгожанне вярстоцкага храма. Не здаюцца ўсё ж такі вернікі з гэтага куточка Хрыстовага ўладарання, бо Ён ― гэта той адзіны і рэальны яшчэ Гаспадар сэрцаў і душ чалавечых. А зямная адміністрацыя з’яўляецца толькі здзяйсненнем Яго нябесных задум і планаў.

Яўген ВАПА

21.01.2018

праваабарончыя сайты