Навіны

Новыя старыя гады!

Жыццё і бурлівыя падзеі вельмі хутка адмяняюць нашы планы. Таксама здарылася і з задуманым мною для гэтай рубрыкі фельетонам, які меў мець святочнанавагодні характар і прысвячаўся традыцыі вэнджаных вясковых каўбас, бачкоў, паляндвіц і шынак на святочным стале. Зразумела, справа зараз мае сур’ёзны кантэкст, значыць, афрыканскую чуму свіней. Маем затым катастрафічны недахоп вясковых паршукоў, якіх проста забаронена гадаваць на ўласныя патрэбы. Каб набыць зараз добрае мяса для вырабу хатніх вяндлін, то, напрыклад, у Гайнаўцы трэба было запісацца як мінімум на цэлыя тры тыдні раней у мясцовых мяснікоў. Ну што ж, гэта яшчэ тут той выхад, калі маем грошы і спраўную вяндлярню на сваім, або суседскім панадворку. Але калі ў хатнім бюджэце тугавата з фінансамі, тады прыходзіцца абысціся смакам і ўспамінам пра мінулае, рытуальнае калонне свіней.

Зараз адыходжу ад святочных разважанняў і засяроджуся на справе, якая адразу пасля першага Новага года для нашай рэдакцыі стала не самай лепшай навіной. Некалькі тыдняў назад у гэтым месцы быў надрукаваны мой ліст у адрас Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, у якім я аспрэчыў прапанаваную нам датацыю на 2018 г. памерам у чатырыста семдзесят тысяч злотых. Такая яе велічыня хопіць толькі на выдаванне «Нівы» са студзеня да кастрычніка. Нашы аргументы не былі аднак выслуханы і ў якасці каляднанавагодняга падарунку атрымалі мы навіну, што толькі вышэйзгаданая сума канчаткова прызначаная нам міністрам гэтага ведамства. На сайце міністэрства менавіта зараз апублікаваны пералік датацый для ўсіх нацыянальных меншасцей у Польшчы. Сума ад гадоў не ўзрастае і застаецца на ўзроўні шаснаццаці мільёнаў злотых на арганізацыйныя патрэбы грамадзян Рэчы Паспалітай няпольскай нацыянальнасці. Зразумела, што такая сума сродкаў не задавальняе нікога. І тут, вядома, адны на другіх пачынаюць узаемна касавурыцца. Адны меншасці лічаць атрыманыя грошы другім, паасобныя арганізацыі дадзенай меншасці глядзяць з падазронасцю і нядобразычлівасцю на сваіх аднапляменцаў. Адным словам, людзі самі сабе становяцца ворагамі. І толькі варажэнькі спраў нацыянальных меншасцей паціраюць рукі ад задавальнення, наглядаючы за такім ходам падзей. Калі мы зараз пастаянна чуем пра паспяховыя сацыяльныя праекты дзяржавы і эканамічны рост заможнасці польскага грамадства, тады чаму бюджэт краіны не ў змозе павялічыць падтрымкі для праектаў нацыянальных меншасцей? Мы таксама і падаткаплацельшчыкі, і грамадзяне, якія ў рэальнасці хочуць таксама адчуць добрую змену ў сваёй меншаснай дзялянцы. А то выглядае так, што чарговыя ўрады пачалі глядзець на нас як на нейкую непатрэбшчыну, якая, найлепей было б, каб адмерла і сышла з гэтага свету як найхутчэй. Вядома, у выпадку нашай, беларускай, нацыянальнай меншасці ўздзейнічае таксама фактар палітычнай і духовай слабасці беларускай ідэі ў самой Рэспубліцы Беларусь. А можа менавіта такая палітычнагістарычная беларуская слабасць там і тут выгадная гульцам як еўрапейскай, так і польскай палітыкі?

Чаму над гэтым задумваюся? Бо аніяк не магу пагадзіцца з рашэннем міністэрства, якое адмовілася ў гэтым годзе прафінансаваць юбілейную канферэнцыю, арганізаваную Літаратурным аб’яднаннем «Белавежа» з нагоды яе шасцідзесяцігоддзя, а таксама адкінула прапанову Беларускага гістарычнага таварыства адзначыць сотую гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзве знакавыя падзеі 2018 года ў нашым беларускім жыцці ў Польшчы проста няважныя! Бо хтосьці ведае лепш за нас саміх, што нам патрэбнае і што можам, а чаго не можам адзначаць. Не ў гэтым месцы даказваць чарговы раз, што, прыгадваючы словы класіка польскай літаратуры, мы таксама не гусі і не толькі сваю беларускападляшскую пісьменнасць (узгадайма хаця Супрасль  
і Заблудаў), але і гісторыю маем. І яны ў гэтым месцы зямлі больш раннія, чым у нашых братоўпалякаў. Так тут склалася. А ўсім тым, якім чарговыя нашы клопаты нясуць адкрытую ці скрываную радасць, прыпомню: хто сее вецер, пажынае буру.

Яўген ВАПА

14.01.2018

Відэа

праваабарончыя сайты