Навіны

Надзея на Каляды!

Каталіцкія каляды ўжо за намі. Запамяталіся цеплынёю і праліўнымі, снежаньскімі дажджамі. Наглядаючы за гарадскімі газонамі ў час шпацыру спахапіўся я на думцы, што менавіта ўжо зранку ізноў стануць гуркатаць газонакасілкі, каб падстрыгчы траву да патрабавальных размераў і такім чынам адазвецца чарговы будзільнік, ад якога толькі трэплюцца нервы і псуецца ранішні настрой. Цёплы водар паветра, які казытаў сваім пахам мой нос, прыносіў адчуванне, што вось, вось мы ў чаканні прадвесня, а не Каляд. «Ну, што ж ― гэта горад, у пушчы пэўна другі парадак», ― падумалася мне. Як падумаў, так і зрабіў ― паехаў у родную вёску наведаць бацькоў і паназіраць за прыродай. Ужо за межамі Беластока стала зразумелым, што восеньскія дажджы перайшлі плаўна ў зімовыя разлівы. Раскіслыя палі, лугі ў вадзе і навіслая ў паветры туманная вільготнасць хутчэй нагадвалі класічныя англійскія краявіды, чымсьці зімовыя вобразы з Белавежскай пушчы. Мне, як пушчанскаму дзіку, ад пабачанага і пачутых бацькавых слоў не стала лягчэй на душы. На маё пытанне пра цяперашнія, прыродныя знакі надвор’я і святочныя павер’і мой бацька ўсхвалявана адкажа: «Няма ўжо нідзе ні праўды, ні парадку, сынок, нічога не спраўджваецца». Яму, чалавеку лясной душы па натуры і пражытым жыцці, не ўкладваецца ў разуменне свету разбурэнне ўжо нават правілаў акружаючай духоўнапрыроднай прасторы. У сваёй стомленасці не даўся ўгаварыцца на даўжэйшую прагулку ў лес. Яшчэ толькі прызнаецца ў канцы, што ад усяго гэтага вельмі моцна баліць яму галава і бяссонніца стала яму спадарожніцай ночы. І толькі размова пра чаканыя Каляды вяртае яму ўсмешку і надзею на лепшыя дні ў нашым жыцці. Мая ўсхваляванасць у такой сітуацыі набрала яшчэ вельмі моцнага асабістага характару.

Крыху паспакайнеўшы, праз некалькі гадзін пачаў я вяртацца думкамі да гэтага парадоксу прыроды і мовы. Бо ж яшчэ за маёй памяці снежаньскія маразы, завірухі, снегапады не былі метэаралагічнай анамаліяй, але звычайным зямельным кругазваротам у гэтым куточку свету. Дарэчы, і прыгажосць назову гэтага месяца ў нашай беларускай мове вылучае яго сваёй зімовай мяккасцю сярод назваў у другіх мовах свету. А тут з неба не сыплюцца белыя, белыя сняжынкі, а ўзамен гудзе вятруга з барабаністым дажджом. У такое, яшчэ зацягнутае, бяссонечнае надвор’е колькасць неўрозаў і дрэнных эмоцый небяспечна ўзрастае ў міжчалавечых эмоцыях. Многія людзі з павышаным адчуваннем дэпрэсіўнасці ў такіх абставінах проста абяссільваюцца і не ў змозе супрацьстаяць нават простым выклікам жыццёвай штодзённасці. А дзе тут гаварыць яшчэ пра прафесійныя ці святочныя арганізацыйныя абавязкі. І каб падняцца з ложка трэба на сябе здорава накрычаць. Некаторыя мае знаёмыя ў такой сітуацыі не гавораць пра нішто іншае, як толькі знікнуць раптам на некалькі дзён у тыя краіны, дзе з сонцам змогуць сустракаць ранкі і прыход ночы. Толькі хіба цеплыня сэрцаў і душ, якая стагоддзямі ідзе ад таямніцы радасці з Нараджэння Хрыстовага дазваляе нам пераадолець у духоўным плане такія змрочныя прыроднабіялагічныя перыяды, паколькі чартоўская цялеснафізічная спакуса прапаноўваецца нам у любым куточку, у любую пару, за любую цану даступнасці. Таму так адчувальна і відавочна святочнае зліваецца з буднямі, а сакральнае з прафанацыяй. Вось той мішмаш «сучаснага чалавецтва». Чарговы крок, які марыцца многім на гэтай дарозе, то як найбольшая дэхрысціянізацыя і лаіцызацыя нашага грамадства і наступных пакаленняў. Адным словам шлях да засухі сваіх каранёў, на якіх хочацца стварыць нейкае ідэалагічнае новае жыццё, без апірышча ў дзвюхтысячнай хрысціянскай культуры і таямніцы яе веры. А засушаныя карані і дрэвы прыатакуюць напэўна духоўныя караеды, спляжыўшы ўсё з ненасытнай заядласцю. Пушчанскаму дзіку такое параўнанне найбольш зразумелае і ўяўляльнае. Але досыць змрочнасці. Маем жа калядны цуд, Нараджэнне Хрыстова і наш сямейнародны кут. З Ражджаством, дарагія чытачы «Нівы».

Яўген ВАПА

05.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты