Навіны

Праваабаронцы "Вясны" падтрымалі акцыю #FreeSentsov

Праваабаронцы Праваабарончага цэнтру "Вясна" 28 траўня 2018 г. далучыліся да глабальнай акцыі #FreeSentsov, якая арганізавана з мэтай прыцягнуць увагу да лёсу асуджанага ў Расійскай Федэрацыі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.

Як вядома, 14 траўня 2018 года, вязень калоніі "Белы мядзведзь" Алег Сянцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызвалення 64 украінцаў, якія на дадзены момант з палітычных прычынаў знаходзяцца пад арыштам у Расіі. Пры гэтым украінскі палітвязень не патрабуе ўласнага вызвалення.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі заклікае неабыякавых далучыцца да кампаніі #FreeSentsov:

«Ужо як пяты год украінскі кінарэжысёр Алег Сянцоў знаходзіцца ў зняволенні. Маючы выразнаю праўкраінскую пазіцыю, ён стаўся ахвярай  канфлікту паміж Расіяй і Украінай, у выніку якога ягоная радзіма – Крым быў захоплены расійскай дзяржавай. Апошнія гады Алег Сянцоў знаходзіцца ў адной з самых суровых па кліматычных і па ўмовах утрымання калоній Расіі.

Мы, беларускія праваабаронцы, рашуча патрабуем яго вызвалення. Лічым недапушчальным тое, што падчас глабальных палітычных і вайсковых канфліктаў церпяць цывільныя людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Ягоны пераслед з’яўляецца нематываваным і яўна палітычным. Мы заклікаем расейскія ўлады тэрмінова вызваліць Алега Сянцова. І заклікаем актывістаў іншых неўрадавых беларускіх арганізацый, усіх неабыякавых грамадзянаў падтрымаць міжнародную кампанію за вызваленне Алега Сянцова”.

Нагадаем, Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме 11 траўня 2014 расейскімі праваахоўнымі органамі. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме падчас незаконнай анэксіі паўвострава РФ. Пазней рэжысёра абвінавацілі ў захоўванні зброі і выбухоўкі. У жніўні 2015 г. расійскі суд прыгаварыў Алега Сянцова да 20 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Акцыі ў падтрымку вызвалення рэжысёра Алега Сянцова праходзяць у многіх краінах. Апублікаваўшы фота ў сацыяльных сетках з хэштэгам #FreeSentsov, можна яшчэ раз нагадаць расейскім уладам, што людзі з розных куткоў свету змагаюцца за яго вызваленне!

freesentsov2.jpg
Праваабаронца "Вясны" Таццяна Рэвяка
freesentsov1.jpg
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч
freesentsov3.jpg
Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч
freesentsov5.jpg
Праваабаронца "Вясны" Андрэй Палуда
http://spring96.org/be/news/89978
28.05.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты