Навіны

Генадзь Фядыніч пра забарону пікетаў салідарнасці прафсаюза РЭП: “Мы паведамім пра гэта ў Жэневу”.

Раней паведамлялася, што па ўсёй Беларусі пададзены заяўкі на правядзенне пікетаў салідарнасці прафсаюза РЭП з 30 траўня па 1 чэрвеня, мэтамі якіх з'яўляліся выказванне салідарнасці з абвінавачанымі па крымінальнай справе кіраўнікамі прафсаюза і пратэст супраць ціску на іх прафсаюз. Але стала вядома, што заяўнікі ў Брэсце, Баранавічах, Магілёве і трох месцах Мінску атрымалі адмовы на правядзенне пікетаў, у асноўным, абгрунтоўваючы гэта правядзеннем іншых мерапрыемстваў ці адсутнасцю дамоваў.

Так, “Берасцейская вясна” перадае, што Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт не дазволіў прафсаюзу РЭП правесці пікетаванне ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 30 мая 2018 года. Адмова матывавалі тым, што ў заяўленым месцы будзе праходзіць моладзевы фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню Абароны дзяцей, які, як вядома, адзначаецца 1 чэрвеня.

Рэгіянальная кіраўніца Беларускага прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк пракаментавала сітуацыю:

 “Ідзе непрыхаванае ўмяшанне дзяржавы ў справы прафсаюза, і крымінальная справа ўзбуджаная па надуманых прычынах. І мы кажам уладам: “Рукі прэч ад прафсаюзу РЭП!” Мы падавалі заяўкі на пікетаванне па ўсёй Беларусі, у чацвер 15 сакавіка 2018 года, у Дзень Канстытуцыі, і паўсюль атрымалі адмовы. У Брэсце нам адпісаліся, што ў гэты час у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў будзе праходзіць спартыўнае арыентаванне школьнікаў.

Мы прыйшлі і пераканаліся, што дзяцей знялі са школьных заняткаў, і выкладчыкі фізкультуры сказалі, што гэта незапланаванае мерапрыемства і праводзіцца ў тэрміновым парадку, і што яны не разумеюць з якой нагоды, ды яшчэ ў такое халоднае надвор'е дзяцей выгналі на вуліцу”.

Па інфармацыі "Радыё Рацыя" падставай для забароны аналагічнага пікета ў Баранавічах стала адсутнасць дамоваў з міліцыяй, бальніцай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Праваабаронца Сяргей Гоўша кажа:

“Нідзе не патрабуецца ў Еўропе, каб нехта заключаў нейкія дамовы і плаціў нейкія грошы камусьці. Гэта дзяржава павінна рабіць сама. Для гэтага міліцыя атрымоўвае з дзяржаўнага бюджэту грошы. А хуткая дапамога, калі што здарыцца, то заяўнікі выклічуць яе па мабільным тэлефоне. Прыбіраць тэрыторыю? Гэта пікет. Якое смецце?”

“Магілёўская вясна” перадае, што мясцовыя ўлады забаранілі пікет і ў Магілёве. Прававы інспектар РЭП Аляксей Яўгенаў каментуе сітуацыю:

“У якасці прычын адмовы пазначаецца адсутнасць сплочаных дамоваў і “неправільнае” месца правядзення пікету – каля гарвыканкама. Гэтым рашэннем улады Магілёва паказалі, што не валодаюць сітуацыяй у сферы працаўладкавання і справядлівай аплаты працы. Ліквідацыя лідэраў прафсаюза Фядыніча і Комліка толькі пагаршае сітуацыю на рынку працы. Калі людзі самі без усялякіх дазволаў выйдуць на вуліцы, перамовы весці будзе не з кім".

Па заяўкам аб правядзенні 30 траўня пікетаў у падтрымку лідэраў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік у Мінску актывісты прафсаюза РЭП Юры Белякоў, Вацлаў Арэшка, Мікалай Герасіменка таксама атрымалі адмовы.

Вытрымка з адказу Юрыю Белякову: «... у парку Дружбы Народаў 30 траўня з 13:30 да 15:30 запланавана правядзенне іншага масавага мерапрыемства - моладзевай акцыі «Зрабі горад больш чыстым»”.

Гэта адказ Вацлаву Арэшка: «30 траўня на тэрыторыі Кіеўскага сквера запланаваны работы па санітарнаму абразанні і выдаленні аварыйных дрэваў. Названыя работы будуць праводзіцца з выкарыстаннем аўтагідрапад'ёмніка, у сувязі з чым належаць да работ з павышанай небяспекай».

Герасіменка Мікалаю заявілі, што «... у парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка 30 мая з 15:30 да 17.30 запланавана правядзенне іншага масавага мерапрыемства: інфармацыйна-адукацыйнай пляцоўкі «Дапамагаючы іншым - дапамагаеш сабе», якую арганізуе Завадская раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа».

fed-mini.jpg

Генадзь Фядыніч, каментуючы дадзеную сітуацыю, заявіў:

"Гэта ўсё робіцца свядома, каб не даць людзям выказаць сваё стаўленне да пераследу прафсаюза РЭП і яго актывістаў. Мы збярэм усе факты па ігнараванню нашых заяў не толькі ў Мінску, але і ў Магілёве, Брэсце, Бабруйску, Гродне і іншых гарадах і паведамім гэта ў Жэневу, дзе пачынаецца сесія МАП. Паралельна ў прафсаюзе РЭП рыхтуецца афіцыйны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта на неправамерныя рашэнні, што прымаюцца гарадскімі ўладамі Мінска і іншых гарадоў, якія ўшчамляюць правы жыхароў краіны на свабоду слова і правядзенне мерапрыемстваў".

PRACA-BY.INFO паведамляе, што да канца траўня будуць зноў пададзеныя заяўкі на пікеты на розныя даты і час. Актывісты прафсаюза РЭП маюць намер прасачыць, ці сапраўды адбудуцца заяўленыя выканкамамі мерапрыемствы, з-за якіх РЭПу адмовілі ў правядзенні пікетаў.

http://spring96.org/be/news/89989

29.05.2018

Відэа

праваабарончыя сайты