Навіны

Свята слова

Ой чаго то не робіцца на гэтым свеце. Здавалася б, раней недаступныя і экзатычныя краіны свету зараз нам даступныя як ніколі раней. А ўсё дзякуючы большай даступнасці да авіятранспарту і магчымасці загадзя набыць даволі танныя квіткі, якія не перакрывяць нам твар ад самой цаны, а наадварот ― навядуць усмешку і добры гумар. Паняцце глабальнай вёскі стала ўжо хлебам надзённым. Завітвае яно і на старонкі нашага тыднёвіка "Ніва". Італія, Філіпіны, Беларусь ― ужо не за гарамі і не за лясамі. Хаця, напрыклад, выехаць з Беластока ў Гародню ранняй парою даволі цяжкавата, бо ёсць толькі адна маршрутка ў 6:30, а потым доўга, доўга нічога. І менавіта яна дае магчымасць перасесці ў Гародні на трасу ў Менск і быць там пасля трох з паловай гадзіны, нягледзячы нават на разбудову гэтай дарогі на двухпалосную. Пасля завяршэння работ камфартабельнасць падарожжа, як і сам час дарогі зменшыцца напэўна. Менавіта бізнес маршрутак вельмі моцна развінуты і існуе тут даволі вялікая канкурэнцыя. Шафёры аператыўна і эластычна дапасоўваюцца да кожнага кліента, будучы з кожным з іх у кантакце па мабільніку. Пераканаўся і я ў тым са сваёй разяватасцю. Проста паклаў я сваю вясновую куртку ў куфар над галавою і забыў яе, зыходзячы ў Менску. Шафёр пазваніў мне і сказаў, што куртку можа ўзяць у Гародні. Застаўся я без курткі. Над Менскам адразу прайшла бура з праліўным дажджом, а нам з Ганнай Кандрацюк трэба было ісці на яе аўтарскую прэзентацыю кніжкі «Па Прыпяці па Нобель». Ганна мела аднак парасон і гэта нас выратавала. Мы вельмі моцна хваляваліся наконт сустрэчы, але Барыс Пятровіч са сваёй пісьменніцкай далікатнасцю арганізаваў усё на найвышэйшым роўні, уключна з канцэртнай часткай. Мы вельмі рады, што маглі пабачыць столькі майстроў паэтычнага і празаічнага слова. Чарговы раз у захапленне прывёў нас Уладзімір Арлоў, які, прачытаўшы ўжо кніжку, падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі, паехаў зрабіць укол і яшчэ вярнуўся ў кнігарню «Ў», дзе надалей працягвалася сустрэча. Такая гісторыя для нас гэта проста самая, вялікая ўзнагарода. Але гэта не канец таго дабра, якое зладзіў нам Саюз беларускіх пісьменнікаў. На другі дзень, зразумела ў маршрутцы пад музыку калектыву з Бельскага белліцэя, падаліся мы ў Гарошкаў ― на радзіму Анатоля Сыса, дзе ў ягоны гонар ладзіўся літаратурны фестываль «Агмень». Урэшце ўдалося мне пазнаёміцца з чарговым прадстаўніком паляшуцкага племені ― Андрэем Федарэнкам, які распавядаў нам па дарозе пра асаблівасці роднага Мазыра. З адной асаблівасцю Палесся выпала нам справіцца ўсім ― а менавіта з атакай мошак, якія проста заядаюць і звярыну, і людзей. На лугах не было відаць статкаў кароў, проста былі яны зачынены ў хлявах і на фермах. Такога даўно тут не было і кожны спраўляўся з мошкамі на свой спосаб. А то нейкія«псікачы», а то звычайныя галінкі, а нават мясцовыя рэцэпты сумесей на аснове воцату.

І тут таксама наша рэдакцыйная сяброўка прэзентавала свае кніжкі, у тым ліку напісаную ёю раней «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С» менавіта пра вандроўку ў Гарошкаў. Ганна свае кніжкі падарыла ў музей ― родны дом паэта. Для мяне асабіста гэтае падарожжа было вельмі эмацыянальным. Урэшце пабываў я ў мясцінах, якія спарадзіліаднаго з беларускіх паэтычных геніяў. Наколькі важным і прыгожым ёсць такі фэст на родным панадворку ў сямейнавясковапаэтычнай кампаніі, проста не апісаць. А на ўсё зверху, седзячы на воблаку, спаглядаў сам Анатоль. Бо дзе ж яму быць, як не на роднай старонцы. Прырода і паэтычнамузычнае слова былі тым суквеццем, якога проста не хацелася пакідаць. А гасціннасць сямейнікаў проста незвычайная. Усё згатаванае ўласнымі рукамі, проста смачнейшага і быць не магло. А мы з Ганнай дзякуем усім людзям, хто нас прымаў, гасцяваў, падтрымліваў сардэчным беларускім словам.

Яўген ВАПА

02.06.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты