Навіны

Алесь Бяляцкі: "Спадзяюся, што ў бліжэйшы час у Беларусі не з’явяцца новыя палітвязні"

Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра перспектывы “справы прафсаюзаў”.

Нагадаем, што Следчы камітэт абвінавачвае кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка ў нясплаце падаткаў. Ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Да 8 чэрвеня прафсаюзныя лідары будуць вывучаць матэрыялы сваёй крымінальнай справы, а затым яна будзе перададзена ў пракуратуру і суд.

"З самага пачатку было зразумела, што гэтая справа палітычная, – кажа Алесь Бяляцкі. – Нягледзячы на тое, што яна рухалася вельмі млява, распачалася ў жніўні мінулага году, але ж непазбежна ідзе да суда. Задаемся пытаннем: каму ж патрэбны сёння  гэты дэкларатыўна-паказальны суд? Спецслужбам, сілавікам, каб даказаць сваю патрэбнасць, што яны пільнуюць за тымі, хто нелаяльны, апазіцыйна настроены да сёняшняй улады. Прэзідэнту – каб паказаць усяму беларускаму грамадству, што драконаўскі кантроль за грамадствам і актывістамі ў краіне быў і застаецца, любая актыўнасць будзе пакарана і зменаў вам не дачакацца. Такія працэсы, як у 30-я гады, ахутваюць усю краіну туманам страху і безнадзейнасці".

“Справа прафсаюзаў” найперш накіравана на абмежаванне актыўнасці дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. Падчас вясновых пратэстаў мінулага году актывісты прафсаюза РЭП прымалі ўдзел ў шэрагу сацыяльных акцыяў, якія адбываліся па ўсёй Беларусі. Яны актыўна выступалі ў абарону сацыяльных правоў беларускіх гарамадзян. Таму іх і выбралі ў якасці ахвяры для расправы.

– “Справа прафсаюзаў” базуецца на сумнеўных дадзеных, якія былі ў сілавікоў яшчэ ў 2011 годзе і шэсць гадоў ляжалі ў шуфлядцы. На ваш погляд, чаму яны так позна “прачнуліся”?

"Гэта яшчэ болей падкрэслівае палітычны характар усёй гэтай ганебнай  крымінальнай справы. Зараз Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік з ёй знаёмяцца, а перад гэтым па ўсёй краіне ў рамках расследвання былі дапытаны сотні сябраў прафсаюза. Ціск на прафсаюзных лідараў і простых актывістаў прафсаюзу РЭП працягваецца. Зразумела, што допыты заўсюды маюць моцны псіхалагічны ціск на людзей, якіх выклікаюць да следчых.

У ідэале для сябе ўлады імкнуцца паралізаваць іхнюю актыўнасць у абарону правоў працоўных. Імкнуцца, каб яны болей не выступалі з патрабаваннямі грамадска-палітычнага характару.

Відавочна, што будзе суд. Межы пакаранняў прадугледжаны даволі шырокія – ад “хіміі” да рэальнай калоніі, і мы натуральна будзем вельмі ўважліва адсочваць гэты судовы працэс. Беларускія праваабаронцы ўжо прымалі заяву па гэтай справе, дзе асудзілі палітычны пераслед прафсаюзных лідэраў".

– Некаторыя мяркуюць, што рэальнага зняволення не будзе, бо, маўляў, уладам зараз не патрэбны новыя палітвязні.

"Вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час у Беларусі не з’явяцца новыя палітвязні, але ніхто гэта на сто працэнтаў гарантаваць не можа. Відавочна, што рашэнне будзе прымацца на самым высокім узроўні. Я перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць, не тая зараз палітычная сітуацыя. Але ў любым выпадку рашэнне будзе менавіта палітычным, якое да рэальнага аб’ектыўнага суда не мае ніякага дачынення", - кажа праваабаронца.

– У 2011 годзе вам вынеслі прысуд у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады за “ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”. Ці можна параўнаць вашу справу і “справу прафсаюзаў”?

"Справы вельмі падобныя. Дзяржава абмяжоўвае дзейнасць няўрадавых арганізацый, прафсаюзаў праз шэраг недэмакратычных законаў. Таму не варта дзівіцца, што абвінавачванні падобныя. Відавочна, што ўлады выкарыстоўваюць адны і тыя ж распрацоўкі-клішэ для пераследу грамадзянскіх актывістаў і арагнізацый".

– Але да вас былі ўжыты больш жорсткія меры: да суда – СІЗА, затым – калонія…

"Тады быў іншы час. Справа супраць мяне, як старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, распачыналася ў 2010 годзе, перад прэзідэнцкімі выбарамі. І развівалася ў 2011 годзе, пасля і падчас  масштабных рэпрэсій супраць кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў выбарчых штабоў, проста грамадскіх актывістаў. Улады вырашылі ўсю грамадзянскую прастору ў краіне закатаць у бетон.

Улічваючы, што я не прызнаваў сваю віну, то і быў узорна-паказальна пакараны, атрымаў чатыры з паловай гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Каласальная маральная падтрымка ў краіне і міжнародная салідарнасць, а таксама рэжым санкцыяў, якія ўвялі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў Еўрапейскі Саюз і ЗША, прывялі да таго, што мяне праз тры гады зняволення выпусцілі па амністыі.

Зараз беларускі рэжым спрабуе манеўраваць і актыўна наладжвае стасункі з Еўропай. Вось, ужо Лукашэнку запрашаюць у Аўстрыю. Таму я перакананы, што гэтым разам прафсаюзныя лідары застануцца на волі. Што б ім не прысудзілі, мяркую, што любая форма пераследу грамадскіх актывістаў недапушчальная і павінна выклікаць агульнае абурэнне.

На жаль, гэты рэжым не можа жыць без палітычных зняволеных. Яны яму патрэбныя, як паветра. Зараз у зняволенні па палітычных матывах знаходзяцца Міхаіл Жамчужны і Зміцер Паліенка. На іх спіс палітычных зняволеных у Беларусі не скончыцца. Толькі рашучая змена ўнутранай палітыкі ўціску і абмежавання грамадзянскіх і пралітычных правоў у Беларусі ў бок яе дэмакратызацыі прывядзе нас да больш справядлівага грамадства".

http://spring96.org/be/news/90023

01.06.2018

Відэа

праваабарончыя сайты