Навіны

Чэрвень 2018

Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на чэрвень 2018 году

3 чэрвеня

155 гадоў таму (1863) – Ля вёскі Расолішкі (Ашмянскі пав.) адбыўся бой паміж паўстанцкім атрадам Зыгмунта Мінейкі і расейскім войскам.

5 чэрвеня

155 гадоў таму (1863) – За маральную падтрымку вызвольнага паўстання расстраляны Альбэрт Ласковіч, уладаньнік маёнтку Кір’янаўцы (Лідзкі р-н).

6 чэрвеня

385 гадоў таму (1633) – Мястэчка Ліпнішкі (Івейскі р-н) атрымала герб.

155 гадоў таму (1863) – У Магілёве расейскімі карнікамі расстраляны (ці 18 чэрв.) Ільдафонс Анцыпа (нар у 1815 (?) у в. Мілавань каля Гародні), публіцыст удзельнік паўстаньняў 1830-31,1863 гг., палявы камандзір. Вучыўся ў Слоніме.

7 чэрвеня

455 гадоў таму (1563) – Жыгімонтам ІІ Аўгустам выданы Віленскі прывілей, які параўняў у ВКЛ у правах праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў.

9 чэрвеня

290 гадоў таму (1728) – Нарадзіўся Казімер Рагоўскі, езуіцкі тэолаг, філосаф, педагог. Вучыўся і працаваў у Слоніме, выкладаў у Наваградку.

150 гадоў таму (1868) – Нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга, польскі этнограф і фалькларыст. У 1880-ыя жыў у маёнт. Глыбокае паблізу Каменкі (Шчучынскі р-н), зьбіраў беларускі фальклор. Памёр у 1915 г.

10 чэрвеня

95 гадоў таму (1923) – У Варшаве памёр Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археолаг, калекцыянер, які шмат часу працаваў на Гарадзеншчыне.  Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках.

11 чэрвеня

40 гадоў таму (1978) – У Лайле (штат Ілінойс) памёр Янка Тарасевіч, рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускага замежжа (Канада, Швайцарыя, ЗША), тэолаг. Нараджэнец в. Клешнякі (Шчучынскі р-н).

13 чэрвеня

75 гадоў таму (1943) – У в. Васілішкі (Шчучынскі р-н) польскімі партызанамі забіты Юльян Саковіч, дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, актывіст ТБШ і КПЗБ, Беларускай народнай самапомачы.

14 чэрвеня

115 гадоў таму (1903) – У Варшаве памёр Ян Карловіч, лінгвіст, этнограф, фальклярыст, музыказнавец. Жыў у Вішневе (Смургонскі р-н).

17 чэрвеня

225 гадоў таму (1793) – У Гародні пачаўся апошні сойм Рэчы Паспалітай. Зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прыняў новую канстытуцыю.

170 гадоў таму (1848) – Памёр Максіміліян Рыла, філосаф, археолаг, каталіцкі місіянэр на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Нараджэнец мяст. Падароск (Ваўкавыскі р-н).

80 гадоў таму (1938) – У Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, беларускі нацыянальна-дзяржаўны дзеяч БНР, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, географ, картограф. У ліст.-сьнежн. 1918 па даручэньні ўраду БНР працаваў у Гародні.

60 гадоў таму (1958) – У Рызе памёр Уладзімір Пігулеўскі, беларускі грамадзкі дзеяч, пісьменьнік. Нараджэнец Гародні.

22 чэрвеня

75 гадоў таму (1943) – На Беларусі была ўтворана моладзевая патрыятычная арганізацыя – Саюз Беларускай Моладзі (СБМ, дзеіў у Беларусі да ліпеня 1944).

25 гадоў таму (1993) – У Менску ў фінале Кубку Беларусі па футболе гарадзенскі “Нёман” (галоўны трэнер Станіслаў Уласевіч) перамог рэчыцкі “Ведрыч” – 2:1 і ўпершыню заваяваў трафей.

15 гадоў таму (2003) – У шпіталі ў Бараўлянах (Менскі р-н) памёр Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі. З 1947 па 1978 жыў і працаваў у Гародні. Пахаваны ў Менску.

24 чэрвеня

155 гадоў таму (1863) – У Лідзе за чытаньне маніфэсту паўстаньня ў в. Ішчална (Шчучынскі р-н) расстраляны ксёндз Адам Фалькоўскі.

26 чэрвеня

155 гадоў таму (1863) – Расейскімі карнікамі ў ваколіцах Наваградку па загадзе Міхаіла Мураўёва расстраляны Адам Пуслоўскі (нарадзіўся ў 1842 (?) на Наваградчыне), удзельнік вызвольнага паўстаньня. Пахаваны ля в. Сенна (Наваградзкі р-н).

50 гадоў таму (1968) – Памёр Сьцяпан Войтанка, праваслаўны сьвятар (вучыўся ў Гародні, працаваў у Дварцы і Марозавічах Дзятлаўскага р-ну), дзеяч Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў ЗША.

27 чэрвеня

85 гадоў таму (1933) – У в. Мінявічы (Мастоўскі р-н) самагубствам скончыў Міхась Явар (сапр. Карась), беларускі паэт, удзельнік Грамады, ТБШ. Пахаваны ў Навасёлках (Мастоўскі р-н).

 

 

01.06.2018

праваабарончыя сайты